Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

Деяния 13 глава

1 Былі ж у Антыёхі ў тамтэйшай царкве нікато́рыя прарокі і вучыцялі: Барнаба і Сымон, называ́ны Нігер, і Лукій кірэнэец, ды Манаэн, узгадаваны разам з Гірадам чацьвертаўла́днікам, ды Саўл.
2 І калі яны адпраўлялі службу Госпаду і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце Мне Барнабу і Саўла на дзейнасьць, на якую Я іх паклікаў.
3 Дык яны, папасьцíўшы й памаліўшыся, ды ўсклаўшы на іх ру́кі, адпусьцілі (іх).
4 А тыя, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль адплылí да Кіпру.
5 І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі Слова Бога ў жыдоўскіх сынагогах; мелі ж і Яана слугу.
6 Прайшоўшы ж выспу ажно да Пахва, знайшлі нейкага чараўніка ілжэпрарока, жыда на імя Варыісус,
7 які быў у старасты Сяргея Паўлы, мужчыны разумнага. Той, паклíкаўшы Барнабу і Саўлу, зажадаў паслухаць Слова Бога.
8 Проці іх выступіў Яліма чараўнік — гэтак перакладаецца ягонае імя, — жадаючы адвярнуць старасту ад веры.
9 Але Саўл, ён жа і Паўла, напоўніўшыся Духам Сьвятым і паўзіраўшыся на яго,
10 сказаў: о, сыне дыябала, поўны ўсякай крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякай праўды! Ці ж ня пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
11 Дык вось, цяпер Рука Госпада на табе, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгледзіш сонца ажно да пары. І ўраз жа найшлі на яго цемра і змрок, і блукаючыся, шукаў павадыра.
12 Тады, убачыўшы стаўшаеся, стараста паверыў, будучы зьдзіўлены навукай Госпада.
13 Адплыўшы ж із Пахвы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргу, у Памхвілі. А Яан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ярузалім.
14 А яны, прайшоўшы цераз Пэргу, прыбылі ў Антыёху Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі.
15 І пасьля прачытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: мужчыны браты! калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце.
16 І Паўла, устаўшы і даўшы знак рукой, сказаў: мужчыны ізраэльцяны і тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!
17 Бог народу гэтага Ізраэля выбраў ба́цькаў нашых, і гэты народ узвысіў у бытнасьць у зямлі Ягіпту і ўзьнятай Рукой вывеў іх ізь яе.
18 І каля сарака гадоў цярпеў іх у пустэльні.
19 І, зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Ханаана, надзяліў іх зямлёй гэных.
20 І пасьля гэтага каля чатырохсот пяцідзясяці гадоў даваў судзьдзяў аж да Самуэля прарока.
21 А затым папрасілі караля, і даў ім Бог Саўла, сына Кіса, мужчыну з калена Бэньямінавага гадоў на сорак.
22 І, ськінуўшы яго, паставіў ім у каралі Давіда, якому і сказаў, засьведчыўшы: знайшоў (Я) Давіда, (сына) Ясэя, мужчыну па Сэрцу Майму, які зьдзейсьніць усе жаданьні Мае.
23 Ад ягонага насеньня Бог па абяцаньню падняў Ізраэлю Збаўцу Ісуса.
24 Перад прыходам Ягоным Яан абвясьціў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраэля.
25 Калі ж Яан заканчаваў шлях (свой), казаў: за каго вы мяне ўважаеце? Ды не, гэта ня я, але вось ідзе за мною Той, у Каго я ня варты разьвязаць абутак Ног.
26 Мужчыны браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, што баяцца Бога! Вам пасла́на Слова выратаваньня гэтага.
27 Бо жыхары Ярузалíму і нача́льнікі іхныя, ня пазна́ўшы Яго і засудзіўшы (Яго), споўнілі Словы Прарокаў, якія чытаюцца кожную суботу.
28 І ня знайшоўшы ніякай сьмяротнай віны папрасілі Пілата забіць Яго.
29 Калі ж спо́ўнілі ўсё напíсанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзерава, палажылі ў магілу.
30 Але Бог ускрасіў Яго із мёртвых.
31 Ён быў зьяўляемы на працягу многіх дзён тым, што прыйшлі зь Ім з Галілеі ў Ярузалім; каторыя зьяўляюцца сьведкамі Ягонымі перад народам.
32 І мы вам дабравесьцім абяцаньне, якое дадзена ба́цькам,
33 бо яго Бог выканаў дзецям іхным, нам, ускрасіўшы Ісуса, як і напíсана ў Псальме другім: Сын Мой — Ты. Я сягоньня спарадзіў Цябе.
34 А што (Ён) уваскрасіў Яго із мёртвых, (азначае), што Ён больш ня падлягае вяртаньню ў тленьне; гэткім чынам (Ён) сказаў: дам вам верныя сьвятасьці (абяцаныя) Давіду.
35 Пагэтаму і ў другім (мейсцы) кажа: ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.
36 Бо ж Давід, паслужыўшы ў родзе сваім Волі Бога, памёр і быў далучаны да бацькаў сваіх і ўбачыў тленьне.
37 А Каго Бог ускрасіў, Той ня ўбачыў тленьня.
38 Пагэтаму хай будзе вам ведама, мужчыны браты, што празь Яго вам абвяшчаецца дараваньне грахоў.
39 І ва ўсім, у чым вы ня маглі быць апра́ўданымі ў Законе Масея, у Ім усякі, хто верыць, атрымоўвае апраўданьне.
40 Дык глядзіце, каб ня прыйшло на вас ска́занае ў Прарокаў:
41 Паглядзіце вы, пагарджаючыя, і падзівуйцеся і счэзьніце! бо дзела Я роблю ў дні вашыя — дзела, якому вы ня паверылі бы, калі б хто расказаў вам.
42 Выйшаўшых жа з сынагогі жыдоўскай пагане прасілі, каб і ў другую суботу гаварылі ім словы гэтыя.
43 А як была распушчана сынагога, многія з жыдоў і багабойных празелітаў пайшлі за Паўлам і Барнабай, якія, размаўляючы зь імі, заклікалі іх заставацца ў Багадаці Бога.
44 А ў наступную суботу амаль усё места зыйшлося паслухаць Слова Бога.
45 Калі ж жыды ўбачылі гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што Паўла сказаў, пярэчачы ды ліхасловячы (іх).
46 Асьмеліўшыся ж, Павал і Барнаба сказалі: да вас першых павінна было быць сказана Слова Бога. Дык як жа вы адвяргаеце яго і робіце сябе нявартымі вечнага жыцьця? Дык вось, мы зварачаемся да паганаў.
47 Бо так запаведаў нам Госпад: Я паставіў Цябе за сьветач для паганаў, каб быць Табе на збаўленьне да краю зямлі.
48 І чуючы, пагане радаваліся і праслаўлялі Слова Госпада, ды ўверылі ўсе, якія былі прызначаны да жыцьця вечнага.
49 І Слова Госпада шырылася па ўсяму (таму) краю.
50 Жыды ж падбухторылі набажных і ўплывовых жанчын і першых (мужчын) у месту і паднялі перасьледаваньне супраць Паўлы і Барнабы і выгналі іх із межаў іхных.
51 Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію.
52 А вучні напаўняліся радасьцяй і Духам Сьвятым.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.