Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Деяния 15 глава
1 І нікаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзанымі па звычаю Масеяваму, ня можаце быць уратаванымі.
2 Пагэтаму ў Паўлы і Барнабы адбыўся спор і спрэчка нямала́я з прыйшоўшымі, дык (браты) пастанавілі адправіць Паўлу і Барнабу, і нікаторых другіх із іх да Апосталаў і старэйшынаў у Ярузалім адносна спрэчкі гэтай.
3 Яны ж, пасланыя царквой, праходзілі праз Хвініку ды Самару, апавядаючы аб навароце паганаў, і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.
4 Прыйшоўшы ж у Ярузалім, яны былі прыняты царквой і Апосталамі ды старэйшынамі і расказалі, што ўчыніў зь імі Бог.
5 І паўсталі нікаторыя з гарэзіі хварысэяў, што ўверылі, кажучы, што трэба іх абрэзаць і наказа́ць, каб трымаліся Закону Масея.
6 І сабра́ліся Апосталы і старэйшыны разгледзіць гэту справу.
7 Як жа адбыла́ся працяглая спрэчка Пётра, устаўшы, сказаў ім: мужчыны браты! вы ведаеце што ад пачатковых дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пагане пачу́лі слова Эвангельля і ўве́рылі,
8 і Знаўца сэрцаў Бог засьведчыў ім даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
9 і ня ўчыніў ніякай розьніцы між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхныя.
10 Дык чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, ускласьці ярмо на шыю вучняў, якое ні ба́цькі нашыя ні мы ня былі ў сілах пане́сьці?
11 Але дзякуючы Багадаці Госпада Ісуса Хрыста мы верым, што збаўлены так, як і яны.
12 І змоўкла ўся грамада, і слухалі Барнабу і Паўлу, апавядаўшых якія знакі і цуды зрабіў празь іх Бог сярод паганаў.
13 Пасьля ж таго як яны змоўклі пачаў гаварыць Якуб, кажучы: мужчыны браты! паслухайце мяне.
14 Сымон патлумачыў як Бог на пачатку ўгледзіў атрымаць з паганаў народ у Імя Сваё.
15 І з гэтым згаджаюцца Словы Прарокаў, як напісана:
16 пасьля гэтага вярнуся і збудую Палатку Давіда што звалілася і руіны яе адбудую і папраўлю яе
17 так каб пача́лі шукаць Госпада (і) астатнія людзі і ўсе пагане, якім будзе прапаве́дана Імя Маё, гаворыць Госпад, Які робіць усё гэта.
18 Ведамы Богу ад вечнасьці ўсе працы Ягоныя.
19 Пагэтаму я лічу́: ня абцяжа́рваць паганаў, якія наварочваюцца да Бога,
20 але напісаць ім: устрымлівацца ад гідотаў ідальскіх і блудадзейства, і заду́шанага (мяса) і крывí.
21 Бо Масей ад даўных родаў мае па местах тых, што абвяшчаюць яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу.
22 Тады наду́малі Апосталы і старэйшыны разам з усёй царквой паслаць у Антыёху з Паўлам і Барнабай выбраных спасярод сябе́ людзей: Юду, называнага Варсавай, і Сілу мужчын перадавых сярод братоў,
23 напісаўшы рукамі сваімі наступнае: Апосталы і старэйшыны і браты: братом з паганаў, што (жывуць) у Антыёсе і Сірыі і Кілікі, радавацца.
24 З тае прычыны, што мы пачулі, што нікаторыя прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі ду́шамі вашымі, ка́жучы абрэзывацца і трымацца Закону, чаго мы (ім) ня даруча́лі,
25 надумалі мы, сабраўшыся аднадушна (ды) выбраўшы мужчын паслаць да вас разам зь лю́бымі нам Барнабай і Паўлам,
26 людзьмі, аддаўшымі ду́шы свае за Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
27 Вось жа (мы) паслалі Юду і Сілу, і яны абвесьцяць (вам) тое і словам.
28 Бо наду́малася Сьвятому Духу і нам ніякага больш цяжару на вас ня ўскла́даць апрача гэтага ніабходнага:
29 узьдзержывацца ад ахвяраванага ідалам і крыві, і заду́шанага (мяса), і блудадзейства; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.
30 Яны ж, пасланыя, прыйшлі ў Антыёху і, сабраўшы грамаду, перада́лі пісьмо.
31 І, прачытаўшы, (яны) узрадаваліся гэтаму суцяшэньню.
32 Юда і Сіла таксама будучы прарокамі многімі словамі абадзёрылі братоў ды ўмацавалі.
33 Прабыўшы ж (там патрэбны) час (яны) былі зь мірам адасланы братамі да Апосталаў.
34 Але Сіле надумалася застацца тамака.
35 Паўла ж і Барнаба заставаліся ў Антыёсе навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі Слова Госпада.
36 І пасьля некалькіх дзён Павал сказаў Барнабе: вернемся, наведаем братоў нашых па ўсіх местах, дзе мы абвяшчалі Слова Госпада: як (яны яго) трымаюцца.
37 Барнаба ж захацеў узяць з сабою Яана, называнага Маркам.
38 Але Паўла меркаваў ня браць яго з сабою, (бо) ён адстаў ад іх у Памхвілі ды ня пайшоў зь імі на справу.
39 Дык узьняло́ся няпаразуменьне, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба ўзяўшы Марка адплыў на Кіпр.
40 А Паўла пайшоў абраўшы сабе Сілу даручо́ны братамі Багадаці Бога.
41 І праходзіў праз Сірыю і Кіліку ўмацоўваючы цэрквы.
Деяния 15 глава в переводах