Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Колоссянам 1 глава
1 Павал, Апостал Ісуса Хрыста паводля волі Бога, і Цімахвей, брат
2 тым, што ў Калоссах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: Багадаць вам і мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Заўсёды дзякуем Богу і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста молячыся аб вас,
4 пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і любоў да ўсіх сьвятых,
5 дзеля надзеі на прыгатаванае вам у Нябёсах, пра што вы раней пачулі ў слове праўды Эвангельля,
6 якое ёсьць у вас, як і ва ўсім сьвеце, і прыносіць плод, як і паміж вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі Багадаць Бога ў праўдзе,
7 як і навучыліся ад Эпатраса, любаснага супрацоўніка нашага, які ёсьць верны для вас служка Хрыста,
8 які і паведаміў нам пра вашую любоў у Духу.
9 Таму і мы з таго дня, як пачулі (пра гэта), ня перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы былí напоўнены пазнаньнем волі Ягонай ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духовым,
10 каб паступаць вам годна Госпаду: ва ўсім дагаджаючы (Яму і) прыносячы плод у кожнай добрай справе, і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога.
11 Ва ўсім узмацняючыся ў сіле паводля магутнасьці славы Ягонай, дзеля ўсялякай вытрываласьці і доўгацярплівасьці з радасьцю,
12 дзякуючы Ба́цьку, Які зрабіў нас годнымі да ўдзелу ў спадчыне сьвятых у Сьвятле,
13 Які збавіў нас ад улады цемры і перанёс у Валадарства Сына любові Сваёй,
14 у Якім мы маем адкупленьне праз Кроў Ягоную, і дараваньне грахоў,
15 Які ёсьць Абраз Бога нябачнага, Які народжаны (перш за) усякае стварэньне,
16 таму што Ім створана ўсё, што на Нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то пасады ці валадараньні, ці то начальствы ці ўлады — усё празь Яго і для Яго створана;
17 і Ён ёсьць перад усім, і ўсё Ім стаіць.
18 І Ён ёсьць Галава цела — царквы, Ён ёсьць Пачатак, Першынец зь мёртвых, каб ува ўсім Ён трымаў пяршынство,
19 таму што заўгодна было (Богу), каб у Ім споўнілася ўся паўната,
20 і каб празь Яго поўнасьцю прымірыць усё з Сабой, уціхамірыўшы празь Яго, праз Кроў крыжа Ягонага, і тое, што на зямлі, і тое, што на Нябёсах.
21 І вас, якія некалі былі адчу́жанымі і ворагамі праз схільнасьць у розуме да ліхіх учынкаў, дык цяпер Ён поўнасьцю прымірыў
22 у Целе (Сваім). Каб цераз сьмерць Цела Свайго паставіць вас перад Сабой сьвятымі і бяззаганнымі і бяздакорнымі,
23 калі трываеце ў веры цьвёрда і няпарушна і ня адступаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы пачулі і якое было апавяшчона ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служкай.
24 Цяпер я радуюся ў маіх пакутах за вас і дапаўняю нястачу му́каў Хрыстовых у целе маім за цела Ягонае, якое ёсьць царква,
25 якой я стаўся служкай у домакіраваньні Бога, што даручана мне дзеля вас, каб выканаць Слова Бога,
26 тайну, укрытую ад народаў у вяках, але цяпер адкрытую сьвятым Ягоным,
27 якім Бог захацеў паказаць, якое багацьце славы тайны гэтай для паганаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,
28 Якога мы абвяшчаем, абразумляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякай мудрасьці, каб прадставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе;
29 дзеля таго я і працую, змагаючыся Ягонай сілай, якая дзейнічае ўва мне магутна.
Колоссянам 1 глава в переводах