Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

Евреям 10 глава

1 Бо Закон, які мае (толькі) цень будучых дабротаў, а ня самую існасьць рэчаў, тымі ахвярамі, якія прыносяцца пастаянна і кожны год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, хто прыходзіць (з ахвярамі).
2 Інакш перасталі б прыносіць (ахвяры), ахвяравальнікі, стаўшыся аднойчы ачышчанымі, перасталі б у далейшым усьведамляць свае грахі.
3 Але гэтымі (ахвярамі) кожны год (робіцца) напамінаньне пра грахі;
4 бо кроў быкоў і казлоў ня мае сілы зьнішчаць грахі.
5 Таму (Хрыстос), уваходзячы ў сусьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты ня захацеў; але Цела прыгатаваў Мне;
6 цэласпальваньні і (ахвяры) за грэх (Ты) палічыў нязадавальняльнымі.
7 Тады Я сказаў: “Вось іду, — у пачатку скрутку напісана пра Мяне, — каб выканаць, Божа, волю Тваю”».
8 Раней сказаўшы, што «ахвяры і прынашэньня і цэласпаленьняў, і ахвяры за грэх Ты ня захацеў і ня ўпадабаў», якія прыносяцца паводля Закону,
9 потым Ён сказаў: «Вось іду выканаць, Божа, волю Тваю». (Гэтым) Ён адмяняе першае, каб паставіць другое.
10 Паводля гэтай волі мы асьвячоны праз прынясеньне Цела Ісуса Хрыста раз і назаўсёды.
11 І ўсякі сьвятар стаіць штодзённа служачы і шматразова прыносячы адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахі.
12 А Ён прынёсшы за грахі адну ахвяру, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13 чакаючы таго, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены ў падножжа Ног Ягоных.
14 І адным прынашэньнем Ён назаўсёды зрабіў дасканалымі асьвячаемых.
15 Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты; а затым прадказана:
16 «Вось Запавет, які Я заключу зь імі пасьля дзён гэных, — кажа Госпад, — дам Законы Мае ў сэрцы іхныя і ў думках іхных напішу іх,
17 і грахоў іхных і бяззаконьняў іхных ня ўспомню больш».
18 А дзе дараваньне іх, там ужо ня патрэбна прынашэньне за грэх.
19 Дык вось, браты, маючы адвагу дзеля ўваходжаньня ў Сьвяцілішча праз Кроў Ісуса,
20 шляхам, які Ён праклаў дзеля нас — новым і жывым, праз заслону, гэта значыць (празь) Ягонае Цела,
21 і (маючы) вялікага Сьвятара над домам Бога
22 прыступайма (да ўваходжаньня ў Сьвяцілішча) са шчырым сэрцам, з поўнай верай, ачысьціўшы крапленьнем сэрца ад заганнага сумленьня і абмыўшы жыцьцё сваё ў Вадзе чыстай.
23 Трымаймася няпахісна вызнаньня надзеі; бо верны Той, Хто абяцаў;
24 і будзьма ўважлівымі адзін да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,
25 ня пакідаючы свайго сходу, як сталася звычкаю ў нікаторых, але суцяшаючы (нахіляйма да яго адзін аднаго), і тым больш, калі бачыце, што Дзень Той набліжаецца.
26 Бо калі мы ахвотна грашым, пасьля таго, як атрымалі пазнаньне праўды, дык ня застаецца ўжо ахвяры за грахі,
27 але нейкае страшнае чаканьне суду і жару агню, які мае пажэрці супраціўнікаў.
28 Бо калі хто адкінуў Закон Масея пры двух ці трох сьведках, мусіць быць адданы сьмерці бяз зьмілаваньня,
29 то той, хто Кроў Запавету, якой быў асьвячоны, палічыў нячыстай і Сына Бога падтаптаў, і Духа Багадаці зьняважыў, наколькі, думаеце, горшага заслугоўвае пакараньня?
30 Бо ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне помста, Я адплачу, — кажа Госпад»; і яшчэ: «Госпад будзе судзіць народ Свой».
31 Страшна трапіць у рукі Бога Жывога!
32 Дык прыпомніце мінулыя дні, калі вы, будучы прасьвечаныя, вытрымалі цяжкія выпрабаваньні пакутамі, —
33 то ў зьнявагах і зьдзеках служачы відовішчам (для другіх), то становячыся саўдзельнікамі тых, хто падобнае перажывалі;
34 бо вы і маім путам спачувалі і рабаваньне вашай маёмасьці вы прынялі з радасьцю, ведаючы, што вы маеце на Нябёсах маёмасьць лепшую і няпрамінушчую.
35 Дык ня пакідайце адвагу вашую, якая мае вялікую ўзнагароду.
36 Доўжыце вытрываласьць вашую, каб, споўніўшы волю Бога, атрымаць вам абяцанае.
37 Бо яшчэ трохі і вельмі трохі, і Той, Хто ідзе, прыйдзе і ня замарудзіць.
38 «А праведны вераю жыць будзе»; а «калі хто ад страху захістаецца, ня хінецца да таго Душа Мая».
39 Мы ж ня з тых, што праз страх адступаюцца на пагібель, але з тых, што стаяць у веры — на збаўленьне душы.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.