Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Паралипоменон 11 глава

1 Дык сабраліся ўсе ізраэльцы да Давіда ў Геброне і сказалі: «Мы ёсць косць твая і цела тваё.
2 Ты таксама ўчора і пазаўчора, калі яшчэ Саўл цараваў, быў тым, хто выводзіў Ізраэль і прыводзіў; бо табе сказаў Госпад, Бог твой: “Ты будзеш пасвіць мой народ ізраэльскі ды ты будзеш кіраўніком над ім”».
3 Такім чынам, прыбылі да цара ў Геброн усе старэйшыны Ізраэля, і Давід заключыў з імі запавет у Геброне перад Госпадам; і намасцілі яго на цара над Ізраэлем паводле слова Госпадавага, якое сказаў праз Самуэля.
4 Таксама пайшоў Давід з усім Ізраэлем на Ерузалім, званы Евус, бо жыхары тое зямлі былі евусеі.
5 І тыя, што жылі ў Евусе, сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш сюды». Аднак Давід здабыў крэпасць Сіён, гэта значыць Горад Давідаў,
6 і сказаў: «Хто першы з усіх паразіць евусеяў, той будзе кіраўніком і князем». Дык выступіў першым Ёаб, сын Сэруі, і стаў кіраўніком.
7 А Давід абжыўся ў крэпасці, і ад таго была названа Горадам Давіда.
8 І пабудаваў ён горад навокал ад Мэло аж да ваколіц; Ёаб жа аднавіў астатак горада.
9 І Давід станавіўся штораз мацнейшым, і Госпад Магуццяў быў з ім.
10 Гэта кіраўнікі адважных ваяроў Давіда, якія дапамаглі яму, каб ён стаў царом над усім Ізраэлем па слове Госпада, якое Ён сказаў Ізраэлю;
11 і такі лік храбрых Давіда: Есбаал, сын Гахамона, сын Гахаманітаў кіраўнік ваяроў з трыццаці; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек, якіх паразіў адным махам.
12 І па ім Элеязэр, сын Дадо Агагіта, які быў між трох асілкаў;
13 быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі там філістынцы падрыхтаваліся да бою. А быў у той мясцовасці палетак, поўны ячменю, і людзі паўцякалі перад філістынцамі.
14 Ён застаўся на сярэдзіне палетка і абараніў яго; і калі пабіў філістынцаў, Госпад даў свайму народу вялікае збаўленне.
15 А трое з трыццаці сышлі да скалы, у якой быў Давід, да пячоры Адалам, у той час, калі філістынцы расклаліся лагерам у лагчыне Рэфаім.
16 Тады Давід быў у крэпасці, і філістынцы стаялі ў Бэтлехэме;
17 а Давід адчуваў смагу і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»
18 Такім чынам, яны ўтрох прабраліся праз лагер філістынцаў і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што каля брамы, і прынеслі Давіду напіцца. Давід не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,
19 кажучы: «Сцеражы мяне, Божа мой, каб я гэтак паступіў і піў кроў мужоў гэтых, бо праз небяспеку для жыцця свайго прынеслі мне ваду». І дзеля гэтае прычыны адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.
20 Таксама брат Ёаба Абісай; ён быў кіраўніком трыццаці і ён падняў дзіду сваю супраць трохсот, якіх пазабіваў, і ён з гэтых трох праславіўся,
21 паміж трыццаці ён у два разы праславіўся і быў іх кіраўніком; але з тымі трыма не параўняўся.
22 Баная, сын Ёяды, чалавек найдужэйшы, які многа подзвігаў зрабіў, родам з Кабсээля; ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, ён таксама спусціўся і забіў ільва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.
23 І ён забіў егіпцяніна, які быў ростам пяць локцяў і трымаў у руцэ дзіду, як навой кроснавы; падышоў ён да яго з палкай і схапіў дзіду, якую ён трымаў рукой, і забіў яго яго ўласнай дзідай.
24 Гэта зрабіў Баная, сын Ёяды, праслаўлены між трох асілкаў,
25 між трыццаці — першы; хоць з трыма не параўняўся, аднак паставіў яго Давід над сваімі ахоўнікамі.
26 Далей самыя мужныя ў войску: Асаэль, брат Ёаба, і Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма.
27 Сама Харадзіт, Эліка Харадзіт, Гэлес Палаціт,
28 Хіра, сын Акеса, Тэкуіта, Абіязэр Анатаціт,
29 Сабахай Гусаціт, Ілай Агагіт,
30 Магарай нэтафатыт, Хэлед, сын Бааны нэтафатыта,
31 Ітай, сын Рэбая з Габы сыноў Бэньяміна, Баная Паратаніт,
32 Гэдай з ручаёў Гааса, Абіэль Арбаціт,
33 Азмавет Бахурыміт, Эліяба Саалбаніт,
34 Асэм Гэзаніт, Ёнатан, сын Самы, Арарыт,
35 Агіям, сын Сахара, Арарыта, Эліпал, сын Ура,
36 Хэфэр Мэхараціт, Ахія Паланіт,
37 Гэсра Кармэліт, Наарай, сын Азбая,
38 Ёэль брат Натана, Мібагар, сын Агарая,
39 Сэлек Аманеец, Нагарай Бэраціт, збраяносец Ёаба, сына Сэруі.
40 Хіра Ятрэй, Гарэб Ятрэй,
41 Урыя Хетэй, Забад, сын Агалая,
42 Адзіна, сын Сізы Рубэніта, кіраўнік Рубэнітаў, і з ім трыццаць.
43 Ханан, сын Маахі, і Язафат Матаніт,
44 Озія Астараціт, Сама і Егіэль, сыны Гатама Араэрыта.
45 Ядзігэль, сын Сэмры, і Ёга, брат яго, Тасаіты.
46 Эліэль Магуміт і Ерыбай, і Ёсая, сыны Эльнэма, і Етма, Маабіт.
47 Эліэль, і Абэд, і Ясіэль з Собы.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.