Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
2 Паралипоменон 13 глава
1 На васемнаццаты год царавання Ерабаама, Абія стаў царом у Юдэі.
2 Тры гады цараваў Абія у Ерузаліме. І імя маці яго — Міхая, дачка Урыэля з Габы. І паміж Абіяй і Ерабаамам ішла вайна.
3 І калі Абія пачынаў вайну, меў чатырыста тысяч адборных, вельмі здатных да бою ваяроў, Ерабаам супраць іх выставіў фронт у восемсот тысяч ваяроў, і яны таксама былі адборныя і вельмі мужныя ў баях.
4 Такім чынам, Абія размясціўся на гары Сэмараім, што на гары Эфраіма, і заявіў: «Слухайце, Ерабааме і ўвесь Ізраэль!
5 Ці не ведаеце, што Госпад, Бог Ізраэля, даў уладу Давіду над Ізраэлем навек, яму і сынам яго па запавеце солі?
6 І Ерабаам, сын Набата, паслугача Саламона, сына Давіда, узбунтаваўся супраць валадара свайго;
7 і сабраліся пры ім самыя ліхія людзі, сыны Бэліяла, і выступілі сілай супраць Рабаама, сына Саламона. Прытым Рабаам быў малады і баязлівы сэрцам і не мог супрацьстаяць ім.
8 Такім чынам, цяпер вы кажаце, што можаце процістаяць Валадарству Госпада, якое маеце праз сыноў Давіда; і маеце вельмі шмат народа і цялят залатых, якіх зрабіў вам Ерабаам, як багоў.
9 І выгналі вы святароў Госпадавых, сыноў Аарона, і левітаў, і паставілі сабе святароў, як пагане земляў. Кожны, хто прыходзіць і пасвячае руку сваю на быку з быкоў і на сямі баранах, становіцца ў вас святаром тых, хто не ёсць багі.
10 А для нас Бог ёсць Госпад, Якога мы не пакінулі; і служаць Госпаду святары з сыноў Аарона і левіты па сваім парадку.
11 Таксама штодзень, раніцай і вечарам, складаюць Госпаду цэласпаленні, пах духмянасцей, ды кладуць хлябы на вельмі чыстым стале. І ў нас ёсць таксама залаты падсвечнік і лямпы яго, каб гарэлі заўсёды вечарам: мы бо пільнуем прыказанні Госпада, Бога нашага, ад Якога вы адвярнуліся.
12 Такім чынам, у нашым войску Бог правадыр і Яго святары, якія трубяць у трубы і адклікаюцца да вас, сыны Ізраэля; не ваюйце супраць Госпада, Бога бацькоў вашых, бо гэта не карысна вам».
13 А Ерабаам паслаў дружыну ў засаду, каб ішла яна пасля іх, і яны апынуліся перад юдэямі, і засада за імі.
14 І, прыгледзеўшыся, юдэі ўбачылі, што чакае іх бой спераду і ззаду, дык паклікалі яны Госпада, і святары пачалі трубіць у трубы,
15 і ўсе юдэі паднялі крык, і, вось, калі яны крычалі, Бог пабіў Ерабаама ды ўвесь Ізраэль перад абліччам Абіі і Юдэі.
16 І ўцяклі сыны Ізраэля ад Юдэі, але аддаў іх Бог у іх рукі.
17 Такім чынам, паразіў іх Абія і народ яго плягаю страшнай; і пала пабітых ізраэльцаў пяцьсот тысяч мужных ваяроў.
18 І былі ўпакораны сыны Ізраэля ў той час, і сыны Юдэі ўзмацніліся, таму што ўскладалі надзею на Госпада, Бога бацькоў сваіх.
19 І пераследаваў Абія Ерабаама, што ўцякаў, ды ўзяў гарады яго Бэтэль і ваколіцы яго, Есану з ваколіцамі яе, Эфон таксама з яго ваколіцамі.
20 І за жыццём Абіі Ерабаам ужо не мог набрацца сілы. Пакараў яго Госпад, і ён памёр.
21 Абія ж набраўся сіл, і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак, і быў бацькам дваццаці двух сыноў і шаснаццаці дачок.
22 А астатнія дзеянні Абіі, і дарогі, і словы яго запісаны ў апавяданні прарока Адо.
2 Паралипоменон 13 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча