Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Есфирь 9 глава
1 Дык у дванаццатым месяцы, гэта значыць у Адары, у трынаццаты дзень, калі распаўсюдзілася слова цара і эдыкт яго і калі ворагі юдэяў спадзяваліся, што яны будуць валадарыць над імі, усё роўна юдэі перамаглі ворагаў сваіх.
2 І сабраліся юдэі ў паасобных гарадах, каб падняць руку на ворагаў і пераследавальнікаў сваіх; ніхто з іх не асмеліўся працівіцца, таму што напаў страх перад імі на ўсе народы.
3 Бо і ўсе князі правінцый, і сатрапы, і намеснікі, і ўся ўлада, што была над мясцовасцямі і справамі, з-за страху перад Мардахэем падтрымала юдэяў,
4 бо ведалі яны, што Мардахэй — загадчык палаца і можа зрабіць вельмі многае; слава яго імя таксама расла штодзень і праз вусны ўсіх разыходзілася.
5 І так юдэі забілі ўсіх ворагаў сваіх мечам, і забойствам, і загубаю, аддаючы ім за тое, што яны рыхтаваліся ім зрабіць.
6 У Сузах юдэі забілі пяцьсот мужчын, прытым дзесяць сыноў Амана Агагіта, ворага юдэяў,
7 іх імёны такія: Парсандата, і Дэльфон, і Эсфата,
8 і Парата, і Адалія, і Арыдата,
9 і Пэрмэста, і Арысай, і Арыдай, і Езата.
10 Калі іх забілі, здабычы з іх маёмасці ўзяць не пажадалі.
11 І адразу ж лік тых, што былі забіты ў Сузах, быў прадстаўлены цару.
12 Ён сказаў царыцы: «У горадзе Сузах забіта і знішчана юдэямі пяцьсот мужчын і дзесяць сыноў Амана. Колькіх, як думаеш, аддалі на смерць яны ва ўсіх правінцыях? Чаго больш дамагаешся ды чаго хочаш, каб загадаў я зрабіць?»
13 Царыца адказала яму: «Калі цару падабаецца, хай дадзена будзе такая магчымасць юдэям, што знаходзяцца ў Сузане, як сёння зрабілі, хай так і заўтра зробяць і хай дзесяць сыноў Амана на шыбеніцы павесяць».
14 І цар загадаў, каб так сталася. І неўзабаве ў Сузах быў вывешаны эдыкт, і дзесяць сыноў Амана былі павешаны.
15 Такім чынам, калі юдэі, якія былі ў Сузах, сабраліся ў дзень чатырнаццаты месяца Адар, яны забілі ў Сузах трыста мужчын, але на іх маёмасць рукі не працягнулі.
16 А астатнія юдэі, якія пражывалі ва ўсіх правінцыях, падначаленых загаду цара, сабраліся і сталі ў абарону жыцця свайго, каб знайсці супакой ад ворагаў; і забілі з сваіх пераследнікаў семдзесят пяць тысяч, але і да іх маёмасці ніхто нават не дакрануўся.
17 А трынаццаты дзень месяца Адар быў ва ўсіх днём забойства, і ў чатырнаццаты дзень адпачывалі. І ўстанавілі яго днём застолляў і радасці.
18 А тыя, хто сабраўся ў горадзе Сузах ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень таго ж месяца Адар, удзельнічалі ў разні, а ў пятнаццаты дзень адпачывалі; і таму гэты дзень зрабілі яны святочным днём застолляў і радасці.
19 А тыя юдэі, якія жылі ў вёсках і адкрытых гарадах, адзначалі чатырнаццаты дзень месяца Адар як дзень застолляў і радасці; так што радуюцца яны ў той дзень і пасылаюць між сабой узаемна падарункі з ежы. Тыя ж, хто жыве ў гарадах, адзначаюць таксама пятнаццаты дзень месяца Адар з радасцю і частаваннем і як святочны дзень, у які пасылаюць між сабой узаемна часткі з застольнай ежы. і пісары цара аддавалі пашану Богу, бо напаў страх на іх дзеля Мардахэя, бо быў такі загад цара на ўсё царства.
20 А Мардахэй апісаў усе гэтыя падзеі і разаслаў лісты аб убачаным усім юдэям, якія пражывалі ва ўсіх правінцыях цара Асуэра, блізка і далёка,
21 каб яны адзначылі як свята чатырнаццаты і пятнаццаты дзень месяца Адар, і з году ў год святкавалі ўрачыста, як свята,
22 як дні, у якія юдэі адпачывалі ад непрыяцеляў сваіх, ды як месяц, у які смутак і журба іх змяніліся радасцю і весялосцю, і каб былі гэтыя дні днямі застолля і радасці, ды каб пасылалі між сабой узаемна часткі ежы і ўбогім каб падносілі падарункі.
23 І юдэі прынялі як урачысты абрад усё, што ў той час пачалі рабіць ды што Мардахэй у лістах загадаў рабіць.
24 Бо Аман, сын Амадата з роду Агага, праціўнік усіх юдэяў, задумаў супраць іх ліха, каб знішчыць іх, і кінуў пур, гэта значыць жэрабя, каб іх патрывожыць і знішчыць.
25 Але калі Эстэр пайшла да цара, то ён загадаў у лістах адразу, каб тое ліха, якое задумаў ён супраць юдэяў, павярнулася на яго галаву і каб былі павешаны ён і сыны яго на шыбеніцы.
26 І з таго часу дні тыя пачалі называць Пурым, дзеля імя пур. Дзеля ўсяго таго, што ў гэтым лісце змяшчалася,
27 і дзеля таго, што яны тады пабачылі ды што ім выпала, юдэі ўстанавілі гэты дзень як урачысты абрад, які ніколі не падлягае змене, і прынялі яны на сябе, і на сваіх нашчадкаў, і на ўсіх, хто захоча далучыцца да іх веры, каб гэтыя два дні па загадзе і ў свой час штогод святкаваліся.
28 Хай гэтыя дні будуць памятныя і святкаваныя ва ўсіх пакаленнях з сям’і ў сям’ю, у правінцыях і дзяржавах, і не можа быць ніякай дзяржавы, у якой не адзначаўся б дзень Пурым юдэямі і іх нашчадкамі.
29 Напісалі таксама царыца Эстэр, дачка Абігайля, і Мардахэй юдэй з вялікай настойлівасцю, каб спаўнялі гэты новы ліст аб Пурыме.
30 І паслалі ўсім юдэям, пражываючым у ста дваццаці сямі правінцыях цара Асуэра, са словам супакою і праўды,
31 устанаўляючы дні Пурыма ў свой час, як устанавілі Мардахэй і Эстэр, і як устанавілі яны для сябе і для нашчадкаў сваіх, загады посту і галашэння.
32 І прыказанне Эстэр пацвердзіла загады Пурыма, і запісана было яно ў кнізе.
Есфирь 9 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча