Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Исход 10 глава
1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона; бо Я зрабіў цвёрдым сэрца яго і паслугачоў яго, каб паказаць гэтыя знакі Свае пасярод іх
2 і каб ты распавядаў у вушы сына свайго і ўнукаў сваіх, колькі разоў Я мучыў егіпцян і паказваў ім знакі Свае; і каб ведалі вы, што Я — Госпад».
3 Такім чынам, пайшлі Майсей і Аарон да фараона і сказалі яму: «Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Дакуль жа не жадаеш ты скарыцца Мне? Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне.
4 Калі ж будзеш працівіцца і не захочаш адпусціць яго, тады Я заўтра напушчу на зямлю тваю саранчу,
5 што пакрые паверхню зямлі, так што яе зусім не будзе відаць, і што з’есць усё, што засталося па градзе; бо знішчыць усе дрэвы, якія растуць на землях.
6 І запоўніць яна ўсе дамы твае, і паслугачоў тваіх, і ўсіх егіпцян; такога не бачылі бацькі твае, і дзяды твае ад часу, калі нарадзіліся на зямлі, і да сённяшняга дня”». І павярнуўся, і выйшаў ад фараона.
7 І сказалі паслугачы фараона яму: «Як доўга яшчэ будзем цярпець гэтае спатыкненне? Адпусці людзей, каб учынілі яны ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу свайму; ці не бачыш, што загіне Егіпет?»
8 І паклікалі зноў Майсея і Аарона да фараона, які сказаў ім: «Ідзіце, і ўчыніце ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу вашаму. Хто ж тыя, што пойдуць?»
9 Майсей сказаў: «Пойдзем мы з дзецьмі нашымі, і старымі, з сынамі і дочкамі, з авечкамі і валамі; бо для нас гэта — урачыстасць Госпада».
10 І ён адказаў ім: «Так, хай будзе Госпад з вамі! Як жа я магу адпусціць вас з дзецьмі вашымі? Глядзіце, якія ліхія намеры вашы.
11 Так не будзе, але хай ідуць толькі мужчыны, і ўчыняйце ахвярапрынашэнне Госпаду; бо аб гэтым вы і самі папрасілі». І зараз жа выгналі іх з вачэй фараона.
12 І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над зямлёю Егіпецкай, каб прыйшла саранча і ўзышла на яе, і з’ела ўсю зеляніну, якая засталася па градзе».
13 І выцягнуў Майсей кій над зямлёй Егіпта, і Госпад напусціў вецер, што паліў увесь той дзень і ноч. А калі надышла раніца, гарачы вецер падняў саранчу;
14 яна ўзышла на ўсю зямлю Егіпецкую, і асела на ўсіх межах Егіпта безліч, якой да гэтага часу не было і ў будучым не будзе.
15 І пакрыла яна ўсю паверхню зямлі, і зямля пацямнела. Такім чынам, з’ела яна ўсю расліннасць зямлі і ўсё, што засталося з пладоў на дрэвах, якія абмінуў град; не засталося зусім нічога зялёнага на дрэвах і на травах палявых на ўсёй зямлі Егіпецкай.
16 Таму загадаў фараон як мага хутчэй паклікаць Майсея і Аарона і сказаў ім: «Зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі.
17 Але цяпер прабачце мне такі грэх і прасіце Госпада, Бога вашага, каб ухіліў прынамсі ад мяне гэтую смерць».
18 І, выйшаўшы ад фараона, Майсей пачаў маліць Госпада,
19 Які ўчыніў так, што падзьмуў наймацнейшы вецер з захаду і кінуў схопленую саранчу ў Чырвонае мора; і ва ўсёй зямлі Егіпецкай не засталося аніводнай.
20 Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусціў сыноў Ізраэля.
21 Тады сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю ў неба, і станецца цемра на зямлі Егіпецкай, такая густая, што можна будзе дакрануцца да цемры».
22 І выцягнуў Майсей руку ў неба, і сталася жахлівая цемра на ўсёй зямлі Егіпецкай на тры дні.
23 Ніхто брата свайго не бачыў і не рушыўся з месца, на якім быў. А ўсюды, дзе жылі сыны Ізраэля, было святло.
24 І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і ўчыніце ахвярапрынашэнне Госпаду; авечкі толькі вашы і жывёла хай застануцца, а дзеці вашы хай ідуць разам з вамі».
25 Майсей сказаў: «Дай таксама ў рукі нашы ахвяры на цэласпаленне, якія мы паднясём Госпаду, Богу нашаму,
26 аднак і жывёла наша пойдзе з намі; не застанецца ад яе і капыта, бо з яе возьмем, што неабходна для ўшанавання Госпада, Бога нашага; хаця мы не ведаем дакладна, што патрэбна ахвяраваць, пакуль не дойдзем да таго месца».
27 Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і не захацеў ён іх адпусціць.
28 І сказаў яму фараон: «Адыдзі ад мяне, сцеражыся, каб больш не ўбачыць аблічча маё; бо ў той дзень, калі з’явішся перада мною, будзеш пакараны смерцю».
29 Адказаў Майсей: «Так і станецца, як ты сказаў: болей не пабачу я аблічча твайго».
Исход 10 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча