Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Исход 30 глава
1 Зрабі таксама ахвярнік з дрэва акацыі дзеля спальвання кадзіла, што мае
2 даўжыню — локаць, і шырыню — локаць, гэта значыць чатырохвугольны, а ў вышыню — два локці; з яго вуглоў павінны выходзіць рогі.
3 І пакрый яго найчысцейшым золатам, як верх яго, так і сцены кругом, і рогі. І зрабі на ім залаты вянок кругом
4 і пад вянком, з двух бакоў, зрабі два кольцы залатыя, каб прасоўваліся ў іх жэрдкі і каб насіць ахвярнік.
5 Самі жэрдкі таксама зрабі з дрэва акацыі і пакрый золатам.
6 І пастаў ахвярнік перад заслонай, якая вісіць перад каўчэгам сведчання, перад перамольняй, якой зачыняецца сведчанне, дзе Я буду з табой сустракацца.
7 І хай Аарон на ім спальвае прыемную пахучую ахвяру раніцай. Хай ён спальвае яе, калі рыхтуе каганцы на асвятленне;
8 а калі Аарон запаліць увечары іх, ён запаліць таксама кадзіла вечнае перад Госпадам у пакаленнях вашых.
9 Не ахвяруйце на ім кадзіла іншага складу, ані цэласпалення, ані перамольную ахвяру, ані ўзліванні не ліце.
10 Штогод Аарон павінен рабіць ачышчэнне над рагамі яго крывёй ахвяры за грэх; і будзе ласка да яго ў пакаленнях вашых: гэта хай будзе святыня святынь для Госпада».
11 І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
12 «Калі будзеш рабіць падлік сыноў Ізраэля па колькасці, кожны няхай складзе выкуп перамольнай ахвяры за жыццё сваё Госпаду; і хай не будзе кары на іх, калі будуць перапісвацца.
13 А гэта будзе павінен даць кожны, хто падпадае пад падлік: паўсікля паводле вагі святыні, — а сікль мае дваццаць гераў, — паўсікля на ахвяру Госпаду.
14 А хто знаходзіцца ў ліку тых, каму ад дваццаці гадоў і болей, хай дае ахвяру;
15 багаты хай не дае больш за паўсікля, а ўбогі хай не змяншае нічога, калі складаеце ахвяраванне Госпаду на ачышчэнне душ вашых.
16 І ўзятыя грошы перамольнай ахвяры, што сабраны ад сыноў Ізраэля, дасі на ўжыванне ў палатцы сустрэчы, каб былі памяццю іх перад Госпадам і ўміласціўлялі за душы іх».
17 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
18 «Зрабі медны таз для абмывання з падножжам медным і памясці яго між палаткай сустрэчы і ахвярнікам. І, наліўшы ў яго вады,
19 Аарон і сыны яго хай абмываюць у ім рукі свае і ногі.
20 Калі пажадаюць увайсці ў палатку сустрэчы, хай абмыюцца ў вадзе, каб не памерці; альбо пажадаюць прыступіць да ахвярніка, каб служыць, каб паліць ахвяру Госпаду,
21 і хай яны абмыюць рукі і ногі, каб не памерці: хай будзе гэта пастановай вечнай яму і патомству яго на ўсе часы».
22 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
23 «Вазьмі сабе найлепшых духмяных рэчываў, адборнай міры пяцьсот сікляў, палову толькі, гэта значыць дзвесце пяцьдзесят сікляў, пахкай карыцы, таксама дзвесце пяцьдзесят сікляў пахкага трыснягу,
24 пяцьсот сікляў касіі паводле вагі святыні, і адзін гін алею з алівак.
25 І зрабі алей для святога намашчэння; кадзіла састаўное працы майстра складальніка намашчэнняў; хай будзе гэта святы алей для памазання.
26 І памаж ім палатку сустрэчы і каўчэг сведчання,
27 і стол з посудам яго, падсвечнік і прыналежнасці яго, ахвярнік і прылады кадзільныя,
28 і ахвярнік цэласпалення з усім тым, што мае дачыненне да абраду, таз і яго падножжа,
29 і асвяці ўсё, і хай стане яно святым з святых: кожны, хто дакранецца іх, асвяціцца.
30 Памаж таксама Аарона і сыноў яго, і пасвяці іх, каб служылі Мне святарамі.
31 Таксама сынам Ізраэля скажаш: “Гэты святы алей для памазання хай будзе Маім у пакаленнях вашых.
32 Цела чалавека не мажце ім і не рабіце іншага саставу, апрача гэтага, бо ён святы і святым хай будзе вам.
33 А чалавек, які саставіць такі алей і памажа ім чужынца, мае быць выгнаны са свайго народа”».
34 І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі сабе духмянасці: сок міры, і оныху, пахкі гальбан і найчысцейшае кадзіла, і хай будуць яны ў роўнай колькасці.
35 І зрабі змяшанае кадзіла работы складальніка масцяў, у разумнай меры вострае, чыстае і святое.
36 І, калі сатрэш на найдрабнейшы парашок яго часткі, пакладзі яго перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой: хай будзе вам кадзіла святое святых.
37 Не рабіце такога саставу на свой ужытак, бо хай ён будзе табе святым перад Госпадам;
38 калі які чалавек зробіць падобнае, каб яго пахам захапляцца, хай будзе выгнаны ён са свайго народа».
Исход 30 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча