Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 10 глава
1 І ўбачыў я, і вось, над цвярдыняй, раскінутай над галовамі херубінаў, было штосьці, быццам сапфір; штосьці, з выгляду падобнае да пасада, з’явілася над імі.
2 І Ён сказаў чалавеку, які быў апрануты ў ільняныя шаты, і прамовіў: «Увайдзі паміж колаў пад херубінамі, і напоўні свае далоні вугалямі агню з месца між херубінамі, і раскінь іх па горадзе». Ды ўвайшоў туды на маіх вачах.
3 А херубіны стаялі на правым баку дома, калі той чалавек туды ўваходзіў, і воблака запоўніла ўнутраны панадворак.
4 І слава Госпада паднялася з-над херубінаў да парога святыні, і святыня напоўнілася воблакам, і панадворак напоўніўся бляскам хвалы Госпада.
5 І быў чутны шум крылаў херубінаў аж на вонкавым панадворку, падобны да голасу Бога Усемагутнага, калі Ён прамаўляе.
6 І калі таму чалавеку, які быў апрануты ў ільняныя шаты, даў Ён такі загад, кажучы: «Вазьмі агонь спаміж колаў, спаміж херубінаў», — той пайшоў і стаў побач з колам;
7 і адзін з херубінаў выцягнуў руку ў напрамку агню, што быў між херубінамі, і, узяўшы яго, паклаў на далоні чалавека, які быў апрануты ў ільняныя шаты; той узяў агонь і выйшаў.
8 І пад крыламі херубінаў з’явілася нешта накшталт рук чалавечых,
9 і я ўбачыў, і вось, побач з херубінамі чатыры колы: па адным коле побач з кожным херубінам, выгляд жа тых колаў — нібы выгляд каменя хрызаліта.
10 І выглядалі яны так, як быццам кожнае з чатырох мела аднолькавую форму, як быццам адно кола знаходзілася ў другім.
11 І калі ішлі ў чатырох сваіх напрамках, то ішлі і не адварочваліся, калі ішлі, але да таго месца, куды вяло іх кола, што было першым, ішлі і іншыя, і не адварочваліся, калі ішлі.
12 І ўсё іх цела, і плечы, і рукі, і крылы, і колы ва ўсіх чатырох былі запоўнены кругом вачамі;
13 і, як пачуў я, колам гэтым была дадзена назва «галгал».
14 А кожная істота мела па чатыры абліччы: першае аблічча было аблічча херубіна, і другое аблічча — аблічча чалавека, і трэцяе — аблічча льва, і чацвёртае — аблічча арла.
15 І падняліся херубіны: была гэта тая самая істота, якую бачыў я над ракой Кэбар.
16 І калі херубіны ішлі, ішлі побач херубіны і пры іх колы, і калі херубіны падымалі крылы свае, каб падняцца з зямлі, колы не адварочваліся, але і самі былі побач з імі.
17 Калі херубіны затрымліваліся, таксама і яны затрымліваліся, і калі падымаліся, то падымаліся таксама і яны разам з імі; бо быў у іх дух істоты жывой.
18 І адышла слава Госпада ад парога святыні, і затрымалася над херубінамі;
19 і херубіны, падняўшы крылы свае, падняліся з зямлі на маіх вачах, і, калі яны падняліся, колы таксама вырушылі; і затрымаліся ля ўваходу ўсходняй брамы святыні Госпада, і слава Бога Ізраэля супачывала над імі ўгары.
20 Была гэта тая самая істота жывая, якую я ўбачыў пад Богам Ізраэля над ракою Кэбар, і даведаўся я, што гэта былі херубіны.
21 Кожны з іх меў па чатыры абліччы і кожны — па чатыры крылы, і пад крыламі іх — штосьці накшталт рук чалавечых;
22 і выгляд іх твараў быў падобны да тых самых твараў, якія бачыў я над ракою Кэбар. І кожны ішоў проста перад сабою.
Иезекииль 10 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча