Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 14 глава

1 І прыйшлі да мяне некаторыя са старэйшын Ізраэля, і селі перада мною.
2 І Госпад прамовіў да мяне гэтыя словы:
3 «Сын чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй; ці ж маю Я адказаць ім, калі спыталі яны?
4 Дзеля таго размаўляй з імі і кажы ім: “Гэта кажа Госпад Бог: “Кожнаму з дому Ізраэля, які ўвядзе сваіх ідалаў у сэрца сваё і паставіць спакусу злачыннасці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, пытаючы Мяне праз яго, Я — Госпад, Сам адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў яго,
5 каб захапіць дом Ізраэля ў сэрцы яго, у якім адышлі ад Мяне з прычыны ўсіх сваіх ідалаў”.
6 Дзеля таго скажы дому Ізраэля: “Гэта кажа Госпад Бог: “Адвярніцеся і адыдзіце ад сваіх ідалаў, ды ад усіх сваіх агіднасцей адвярніце абліччы вашы”.
7 Бо Я, Госпад, Сам дам адказ кожнаму спаміж ізраэльцаў і чужынцаў, пражываючых у Ізраэлі, калі хто адвернецца ад Мяне, і ўвядзе ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставіць перад абліччам сваім спакусу злачыннасці сваёй, і прыйдзе да прарока, каб праз яго спытаць Мяне;
8 і Я звярну аблічча Маё супраць таго чалавека, і зраблю яго знакам і прыказкай, і выключу яго з Майго народа, і даведаецеся, што Я — Госпад.
9 І калі прарок памыліцца і прамовіць слова, Я, Госпад, падману таго прарока, і выцягну руку Сваю супраць яго, і знішчу яго спаміж народа Майго Ізраэля.
10 І возьмуць адказнасць яны за сваю правіннасць: правіннасць прарока будзе такая ж, як і правіннасць таго, хто яго пытаў,
11 каб дом Ізраэля не адыходзіў больш ад Мяне і не апаганьваўся ніякімі сваімі грахамі, але каб былі яны Маім народам, і Я каб быў іх Богам”, — кажа Госпад Бог».
12 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
13 «Сын чалавечы, калі якая зямля зграшыць супраць Мяне, каб крывадушнічаць, крывадушнічаючы, Я выцягну руку Маю супраць яе, і зламлю падпору хлеба яе, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і жывёлу;
14 і калі будуць там тры чалавекі гэтыя: Ной, Даніэль і Ёў, дык толькі яны, дзеля справядлівасці сваёй, вызваляць душы свае, — кажа Госпад Бог.
15 Бо калі на гэтую зямлю нашлю Я найгоршых звяроў, каб абязлюдзіць яе і зрабіць з яе пустыню, дзе ніхто, акрамя дзікіх звяроў, не зможа праходзіць,
16 і калі ў ёй будуць гэтыя тры чалавекі, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — яны не вызваляць ані сыноў, ані дачок, але толькі яны самі вызваляцца, а зямля стане пустыняю.
17 Або калі на зямлю гэтую Я ўзвяду меч і калі скажу мечу: “Ідзі праз гэтую зямлю”, і знішчу Я на ёй людзей і звяроў,
18 і тыя тры чалавекі застануцца ў ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не вызваляць яны ані сыноў, ані дачок, а вызваляцца толькі яны самі.
19 Або калі на гэтую зямлю Я напушчу заразу і ў крыві вылью гнеў Мой на яе, каб выгубіць адтуль людзей і жывёлу,
20 і калі Ной, Даніэль і Ёў будуць у ёй, — жыву Я, — кажа Госпад Бог, — ані сыноў, ані дачок не вызваляць яны, але самі дзеля сваёй справядлівасці вызваляць свае душы.
21 Бо, вось, так кажа Госпад Бог: “Калі бо на Ерузалім Я напушчу чатыры Свае страшныя бяды: меч, і голад, і дзікіх звяроў, і пошасць, каб у ім вынішчыць людзей і жывёлу,
22 аднак застанецца ў ім збаўленне для тых, хто выведзе сыноў і дачок: вось, прыйдуць яны да вас, і ўбачыце вы іх паводзіны і іх учынкі, і суцешыцеся пасля няшчасцяў, што навёў Я на Ерузалім, і пасля ўсяго, што Я на яго навёў.
23 І яны суцешаць вас, калі ўбачыце іх паводзіны ды іх учынкі, і пераканаецеся, што не без падстаў зрабіў Я ўсё, што Я яму зрабіў,” — кажа Госпад Бог».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.