Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Иезекииль 33 глава

1 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, гавары да сваіх землякоў і скажы ім: “Калі на нейкую зямлю Я навяду меч, і жыхары яе выберуць сярод сябе якога чалавека і паставяць яго сабе вартаўніком,
3 і ён убачыць, што меч прыходзіць на зямлю, і ў трубу затрубіць, і перасцеражэ народ,
4 але нехта, хоць чуе гук трубы, не ўсцеражэцца, і меч надыдзе і заб’е яго, то кроў яго будзе на галаве яго;
5 гук трубы ён пачуў і не ўсцярогся; дык хай кроў яго будзе на ім самім. Калі, аднак, перасцярогу прыме, то збавіць сваю душу.
6 Калі, аднак, вартаўнік убачыць, што прыходзіць меч, і не патрубіць у трубу, і народ не ўсцеражэцца, ды прыйдзе меч і заб’е кагосьці з іх, дык гэты апошні быў забраны ў сваёй злачыннасці, але кроў яго ўскладу Я на вартаўніка”.
7 Цябе ж, сын чалавечы, вызначыў Я на вартаўніка для дому Ізраэля. Дык ты, чуючы з вуснаў Маіх перасцярогу, перасцеражэш іх у Маё імя.
8 Калі Я бязбожніку скажу: “Бязбожнік, ты смерцю памрэш”, а ты нічога не скажаш, каб адвесці бязбожніка ад яго дарогі, то сам бязбожнік памрэ ў сваёй злачыннасці, але адказнасць за яго кроў Я ўскладу на руку тваю.
9 Калі, аднак, перасцеражэш ты бязбожніка, каб адступіў ад сваіх дарог, і ён не адвернецца ад сваёй дарогі, ён сам памрэ ў злачыннасці сваёй, але ты вызваліў душу сваю.
10 Такім чынам, ты, сын чалавечы, кажы дому Ізраэля: “Вы, прамаўляючы, кажаце так: “Правіннасці нашы і грахі нашы ляжаць на нас, і мы дзеля іх марнеем; дык як зможам жыць?”
11 Скажы ім: “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не хачу смерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад дарогі сваёй і жыў. Адвярніцеся, адвярніцеся ад дарог сваіх найгоршых; і чаму маеце прападаць, дом Ізраэля?”»
12 Такім чынам, ты, сын чалавечы, скажы землякам сваім: «Справядлівасць справядлівага не ўратуе яго, калі ён зграшыць, бязбожнасць бязбожніка не загубіць яго, калі ён адвернецца ад сваёй бязбожнасці, і справядлівы не зможа застацца пры жыцці і ў справядлівасці сваёй, калі ён зграшыць.
13 Нават калі скажу справядліваму: “Напэўна будзеш жыць”, і ён, упэўнены ў сваёй справядлівасці, дапусціцца злачыннасці, то ўжо не будзе памяці пра ўсю яго справядлівасць, ды дзеля злачыннасці, якой дапусціўся, мусіць ён у ёй памерці.
14 А калі я скажу бязбожніку: “Смерцю памрэш”, а ён адвернецца ад граху свайго і пачне пільнаваць закон і справядлівасць:
15 аддасць заклад гэты бязбожнік і зверне, што нарабаваў, будзе жыць паводле законаў, што дае яму жыццё, не будзе дапускацца ніякае ліхоты, то, напэўна, застанецца ён пры жыцці і не памрэ;
16 ніводзін з дапушчаных ім грахоў не будзе яму залічаны: хадзіў ён паводле закону і справядлівасці, дык застанецца пры жыцці.
17 І кажуць твае землякі: “Несправядлівая дарога Госпада”, і іх дарога несправядлівая.
18 Калі бо справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе дапускацца злачыннасцей, то памрэ ў іх;
19 і калі бязбожнік адвернецца ад сваёй бязбожнасці і будзе пільнаваць закон і справядлівасць, дзякуючы гэтаму будзе жыць.
20 І вы кажаце: “Несправядлівая дарога Госпада”. Я буду судзіць кожнага з вас, дом Ізраэля, паводле ўчынкаў яго».
21 І сталася ў адзінаццатым годзе ад перасялення нашага, у дзесятым месяцы, у пяты дзень гэтага месяца, прыбыў да мяне ўцякач з Ерузаліма з весткаю: «Горад захоплены».
22 А супачыла на мне рука Госпада вечарам перад прыбыццём уцекача; і адкрыў Ён мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай, і калі мае вусны адкрыліся, не быў я ўжо нямы.
23 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
24 «Сын чалавечы, жыхары гэтых руін у зямлі Ізраэльскай кажуць, прамаўляючы: “Абрагам быў адзін і атрымаў ва ўласнасць зямлю, нас жа многа, нам дадзена была зямля ў спадчыну”.
25 Дзеля таго скажы ім: гэта кажа Госпад Бог: “Вы ясце з крывёй, і падымаеце вочы свае на сваіх ідалаў, і праліваеце кроў, і вы хацелі б валодаць зямлёю ў спадчыну?
26 Вы паўсталі з мечамі вашымі, дапусціліся агіднасцей, і кожны з вас апаганіў жонку блізкага свайго, і вы будзеце валодаць зямлёю ў спадчыну?”
27 Гэта скажы ім: вось што кажа Госпад Бог: “Жыву Я, тыя, што ў руінах жывуць, загінуць ад меча, і тыя, хто жыве на полі, тых аддам дзікім звярам на здабычу, а тыя, хто жыве ў крэпасцях ды ў пячорах, памруць ад заразы.
28 І зраблю Я зямлю пустыняй і пустэчаю, і яе пыха і вялікасць скончацца, і горы Ізраэля будуць бязлюдныя, так што ніхто там не будзе хадзіць;
29 ды даведаюцца, што Я — Госпад, калі Я зраблю зямлю пустыняй і пустэчаю дзеля ўсіх агіднасцей іх, якіх яны дапусціліся”.
30 І ты, сын чалавечы! Сыны народа твайго, якія гавораць пра цябе пры мурах і брамах дамоў і гавораць адзін да аднаго, кожны да брата свайго, кажучы: “Хадзіце і паслухайце, што гэта за слова, якое выходзіць ад Госпада”,
31 і прыходзяць да цябе, як быццам на сход народа, і сядзіць перад табою народ Мой; і слухаюць яны словы твае, і не выконваюць іх, бо робяць яны тое, што прыемнае ў вуснах іх, і сэрца іх цягнецца да прагавітасці іх.
32 І ты для іх — як песня пра каханне, бо яна спяваецца прыгожым голасам і з прыемным гукам струн, і слухаюць яны словы твае, і не выконваюць іх.
33 І калі споўніцца тое, што прадказана — а яно ўжо прыходзіць, — тады даведаюцца, што прарок быў між імі».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.