Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Иезекииль 9 глава
1 І я пачуў, як закрычаў Ён моцным голасам, кажучы: «Наблізіліся выпрабаванні да горада, і хай кожны мае ў руцэ сваёй зброю».
2 І вось, прыбыло шэсць мужоў дарогай ад Верхняе брамы, што глядзіць на поўнач, і кожны са зброяй у сваёй руцэ; між імі таксама быў адзін чалавек, апрануты ў ільняныя шаты і з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх; і ўвайшлі яны, і затрымаліся перад ахвярнікам медным.
3 І слава Бога Ізраэля паднялася з-над херубінам, на якім знаходзілася, да парога дома; і, паклікаўшы чалавека, апранутага ў ільняныя шаты, які меў пісарскую прыладу на сцёгнах сваіх,
4 Госпад сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну горада, праз сярэдзіну Ерузаліма, і напішы “таў” на лбах мужчын, якія ўздыхаюць і бядуюць дзеля ўсіх агіднасцей, што ў ім адбываюцца».
5 І да іншых сказаў так, што я пачуў: «Ідзіце за ім па горадзе і забівайце; хай вока ваша не шкадуе, ані не спачувайце:
6 старога, юнака, і дзяўчыну, і немаўля, і жанчын забівайце ўшчэнт; не дакранайцеся, аднак, да ніводнага чалавека, на якім убачыце “таў”. І пачынайце ад Маёй святыні». І пачалі яны ад тых старцаў, якія стаялі перад домам.
7 Потым сказаў Ён ім: «Апаганьце таксама дом, панадворкі яго закідайце трупамі! Выходзьце». І выйшлі яны ды забівалі тых, хто быў у горадзе.
8 І калі забойства скончылася, я застаўся сам, і ўпаў на твар свой, і так маліўся ўголас: «О Божа, Госпадзе! Ці хочаш такім чынам вынішчыць усю рэшту Ізраэля, выліваючы Сваё абурэнне на Ерузалім?»
9 І сказаў Ён мне: «Злачыннасць дому Ізраэля і Юды занадта вялікая; і зямля напоўнілася крывёю, і горад напоўніўся несправядлівасцю. Кажуць бо яны: “Госпад пакінуў гэтую зямлю. Госпад не бачыць”.
10 Дык і Маё вока не пашкадуе, і не злітуюся: адказнасць за іх паводзіны Я ўскладу на іх галовы».
11 І вось той чалавек, які быў апрануты ў ільняныя шаты, з пісарскай прыладай на сцёгнах сваіх, паведаміў у адказ: «Я зрабіў, як Ты загадаў мне».
Иезекииль 9 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча