Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Даниил 11 глава
1 Я ж з першага года Дарыя мідзяніна стаяў побач з ім, каб умацаваць і ўздужыць яго.
2 І цяпер выяўлю табе праўду: вось, стануць у Персіі яшчэ тры цары, і чацвёрты ўзбагаціцца больш, чым усе, і калі памножыць свае багацці, накіруе ўсё супраць царства Грэцыі.
3 А паўстане цар мужны, і будзе ён панаваць над вялікім царствам, і будзе рабіць, што яму ўпадабаецца;
4 і калі выступіць, будзе знішчана яго царства і распадзецца на чатыры вятры неба, але не на патомкаў яго, і не з прычыны моцы яго, якой ён валадарыў: бо будзе раздзёртае царства яго таксама іншымі, за выняткам іх.
5 І набярэ сілы цар поўдня, ды адзін з князёў яго перавысіць яго сілай і завалодае дзяржавай большай, чым яго дзяржава.
6 І па канцы гадоў злучацца яны; і дачка паўднёвага цара прыбудзе да цара паўночнага, каб завязаць сяброўства. І моц яго рукі не будзе трывалай, і яго рука не ўтрымаецца; і будзе выдадзена яна, і тыя, што яе прывялі, яе дзіця ды той, хто падтрымліваў яе ў тыя часы.
7 І ўстане на яго месца патомак з яе лініі, і пойдзе супраць войска, і ўвойдзе ў крэпасць цара паўночнага, і будзе дзейнічаць супраць іх, і ўзмацніцца.
8 Звыш таго, забярэ таксама ў Егіпет іх бажкоў разам з іх выявамі, поруч з іх каштоўнымі пасудзінамі са срэбрам і золатам, сам ён перавысіць моцаю цара поўначы праз некалькі гадоў.
9 І ён увойдзе ў царства цара поўдня і вернецца ў свой край.
10 Сыны ж яго паўстануць і збяруць вялікі лік войска; і ён прыйдзе спешна, і ўварвецца, і вернецца, і паўстане, і дойдзе аж да яго крэпасці.
11 І цар з поўдня закіпіць гневам і пойдзе, каб ваяваць з ім, з царом поўначы, і выставіць ён супраць яго вельмі вялікую сілу, і вялікая гэта сіла пападзе ў яго рукі.
12 І вялікая сіла будзе знішчана, і сэрца яго падымецца ў пыху, і пераверне многія тысячы, але не пераможа.
13 Бо зноў паўстане цар поўначы і выставіць большую сілу, чым раней; і калі надыдзе канец часоў і гадоў, вырушыць спешна з вялікім войскам і з вялікімі сіламі.
14 І ў тых часах многія выступяць супраць цара паўднёвага, таксама сыны крыўдзіцеляў народа твайго паўстануць, каб здзейсніць бачанне, і загінуць.
15 І цар поўначы падыдзе, і насыпле вал, і здабудзе вельмі ўмацаваны горад, і рукі поўдня не вытрымаюць, і народ яго выбраны не будзе мець сілы супрацівіцца.
16 І той, хто пойдзе супраць яго, будзе весці сябе па свайму ўпадабанню ды ніхто не зможа яму супрацьстаяць; і ўтрымаецца ў прыгожым краі, і ў руцэ яго — спусташэнне.
17 І зверне твар свой, каб пайсці здабыць усё яго царства; і зробіць яму справядлівае, і дасць яму дачку адной з жанчын, каб знішчыць гэта, і не выстаіць ён, і не атрымаецца ў яго.
18 Ды зверне твар свой на астравы і захопіць многія, і валадар спыніць яго знявагу, і знявага яго абернецца на яго.
19 І зверне твар свой на гарады сваёй зямлі, і захістаецца, і ўпадзе, і знікне цалкам.
20 І на яго месца стане другі, які пашле збіральніка падаткаў на аздобу царства; і знішчаны будзе за некалькі дзён ані з нянавісці, ані ў вайне.
21 І на яго месца стане пагарджаны, і яму не будзе дадзена царскай пашаны; і ён прыйдзе патаемна, і апануе царства хітрасцю.
22 І рукі ваюючага будуць ім пакараныя і знішчаныя; прытым і князь прымірэння.
23 І па прымірэнні будзе з ім хітрыць, і нападзе, і пераможа з нямногімі людзьмі.
24 Нападзе ён на квітнеючыя і багатыя гарады і зробіць тое, што не зрабілі яго бацькі, ані бацькі бацькоў яго: нарабаванае, і здабычу, і багацці іх
25 І будзе падбадзёрвацца мужнасць яго і сэрца яго супраць паўднёвага цара ў вялікім войску; і цар поўдня будзе паднімацца на вайну, збіраючы вялікае і вельмі дужае войска, і не ўтрымаецца, бо выступяць супраць яго змоўшчыкі.
26 І тыя, што елі хлеб з ім, знішчаць яго; і войска яго рассыплецца, і вельмі многа будзе забітых.
27 Таксама абодва цары будуць мець на сэрцы, каб рабіць ліхое, і пры адным стале лгаць, і не дасягнуць нічога, бо не надышоў яшчэ час вырашэння.
28 І вернецца ён у свой край з вялікімі багаццямі, і сэрца яго будзе супраць святога запавету; і будзе дзейнічаць, і вернецца ў сваю зямлю.
29 Па нейкім часе вернецца ён і прыйдзе на паўднёвую зямлю, і не пашанцуе тым разам, як раней.
30 І выступяць супраць яго караблі рымлянаў, і ўдараць яго; і будзе злавацца дзеля святога запавету, і зноў будзе дзейнічаць, і вернецца, і зверне ўвагу на тых, што пакінулі святы запавет.
31 І рукі яго паднімуцца, і апаганяць свяцілішча мужнасці, і спыняць пастаянную ахвяру, і дадуць агіднасць разбуральніка.
32 І бязбожнікаў ён хітрасцю ўвядзе ў зман адносна запавету; а людзі, якія ведаюць свайго Бога, вытрываюць і будуць дзейнічаць.
33 І навучаныя ў народзе будуць вучыць вельмі многіх; і падуць ад меча і агню, і ў палоне, і праз рабунак — да нейкага часу.
34 І калі яны ўпадуць, нямногія прыйдуць да іх з дапамогай, і вельмі многія далучацца да іх падступна.
35 І паміж мудрацоў некаторыя падуць, каб некаторыя з іх ачышчаныя былі, і абмытыя, і абеленыя аж да апошняга часу, бо яшчэ іншы час будзе.
36 І цар будзе дзейнічаць па волі сваёй, і будзе ўзвышацца, і будзе ўзвялічвацца над усімі багамі, і супраць Бога багоў будзе гаварыць рэчы дзіўныя, і яму пашанцуе, пакуль не прыйдзе гнеў; бо што вырашана — споўніцца.
37 І не будзе паважаць багоў бацькоў сваіх, ані пажадлівасці жанчын, ані ніякага іншага бога не будзе паважаць, бо адносна ўсяго будзе ўзвышацца;
38 а замест яго будзе паважаць бога крэпасцяў, і бога, якога не ведалі яго бацькі, будзе паважаць золатам і срэбрам, і каштоўнымі камянямі, і каштоўнасцямі,
39 ды выступіць супраць умацаваных гарадоў з чужым богам; хто яго прызнае, славу таго памножыць і дасць ім уладу над многімі, і ва ўзнагароду будзе надзяляць зямлёй.
40 І ў апошні час будзе ваяваць супраць яго цар поўдня і цар поўначы ўдарыць яго, як бура, калясніцамі, і конніцай, і многімі караблямі, і ўвойдзе ў землі, і знішчыць іх, і пройдзе.
41 Ды ўвойдзе ў слаўную зямлю, і многія падуць; гэтыя ж толькі ўхаваюцца ад яго рукі: Эдом і Мааб, і землі кіраўнікоў аманітаў.
42 Ды выцягне руку сваю на землі, і зямля Егіпта не зберажэцца;
43 і авалодае скарбамі золата і срэбра, і ўсімі каштоўнасцямі егіпецкімі; і лібійцы, і этыёпцы пойдуць за ім.
44 І весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго; і пойдзе з гневам страшным, каб загубіць вельмі многіх, і знішчыць,
45 і ўстановіць палаткі свайго палаца між марамі над гарой святой пышнасці; і ўзыдзе аж на вяршыню яе, і ніхто не прыйдзе да яго з дапамогай.
Даниил 11 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча