Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
От Луки 14 глава
1 І сталася, калі Ісус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба, яны сачылі за Ім.
2 І вось, быў перад Ім нейкі хворы на вадзянку чалавек.
3 І, звярнуўшыся, запытаў Ісус заканазнаўцаў і фарысеяў, кажучы: «Ці належыць аздараўляць у суботу, ці не?»
4 Але яны маўчалі. Тады Ён, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адпусціў.
5 І сказаў ім: «Калі ў каго-небудзь з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці не зараз выцягне яго ў дзень суботы?»
6 І не маглі яны на гэта адказаць Яму.
7 І расказваў Ён запрошаным прыпавесць, прыглядаючыся, як яны выбіралі першыя месцы, кажучы ім:
8 «Калі будзеш запрошаны кім-небудзь на вяселле, не ўзлягай на першым месцы, каб часам не быў запрошаны больш шаноўны за цябе,
9 бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: “Саступі яму месца”, і тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.
10 Дык калі ты будзеш пакліканы, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: “Прыяцель, сядзь вышэй”; тады будзе табе пашана перад банкетуючымі з табою.
11 Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
12 Потым гаварыў і таму, хто Яго запрасіў: «Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі ў адказ і каб не было табе адплаты.
13 Але, калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых —
14 і шчасны будзеш, бо тыя, што запрошаны, не маюць чым адплаціць табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэнні справядлівых».
15 І, калі пачуў гэта, адзін з гасцей сказаў Яму: «Шчасны той, хто будзе есці хлеб у Валадарстве Божым!»
16 Сказаў яму: «Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасцей;
17 і паслаў свайго слугу ў пару вячэры сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё прыгатавана”.
18 І пачалі ўсе адразу прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: “Купіў я поле і маю патрэбу пайсці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне”.
19 А другі сказаў: “Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць; прашу цябе, прабач мне”.
20 А трэці сказаў: “Я ажаніўся, і з-за таго не магу прыйсці”.
21 І, вярнуўшыся, паслугач расказаў гэта гаспадару свайму. Тады ўгнеўлены гаспадар дома сказаў паслугачу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, і калек, і кульгавых, і сляпых”.
22 І гаворыць паслугач: “Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсць месца”.
23 І гаворыць гаспадар слузе: “Выйдзі на дарогі і да заплоццяў і пераканай увайсці, каб дом мой напоўніўся.
24 Кажу вам, што ніводзін з тых людзей, што былі пакліканы, не пакаштуе маёй вячэры”».
25 І хадзілі з Ім вялікія натоўпы, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў:
26 «Калі хто прыходзіць да Мяне, і не мае ў нянавісці бацьку свайго, і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, а пры тым і душу сваю, не можа быць вучнем Маім.
27 І хто ідзе за Мной і не нясе крыжа свайго, не можа быць вучнем Маім.
28 Бо хто з вас, жадаючы збудаваць вежу, не сядзе перш і не палічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць?
29 Каб, калі закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, якія гэта бачаць, не сталі смяяцца з яго,
30 кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
31 Або які цар, збіраючыся ісці на вайну супраць другога цара, не сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяццю тысячамі пайсці супраць таго, які ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
32 Інакш, калі той яшчэ далёка, адправіўшы пасланніка, просіць яго, каб былі ў міры.
33 Так, вось, кожны з вас, хто не зрачэцца ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
34 Соль добрая, але, калі яна страціць сілу, чым яе пасаліць?
35 Не прыдатная яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
От Луки 14 глава в переводах