Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

От Луки 9 глава

1 Склікаўшы дванаццаць вучняў, Ісус даў ім уладу і магутнасць над усімі дэманамі і каб яны аздараўлялі ад хвароб,
2 і паслаў іх прапаведаваць Валадарства Божае і аздараўляць хворых,
3 і сказаў ім: «Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані грошай, ані дзвюх вопратак.
4 Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу.
5 І, калі б дзе вас не прынялі, выходзячы з таго горада, пыл абтрасіце з ног вашых на сведчанне супраць іх».
6 Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, несучы Добрую Вестку і аздараўляючы ўсюды.
7 А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што адбывалася, і не ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі: «Ян уваскрос з мёртвых»,
8 другія: «Ілля з’явіўся», а трэція: «Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос».
9 І гаворыць Ірад: «Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб Якім я чую такое?» І стараўся пабачыць Яго.
10 Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Дык, узяўшы іх з Сабою, адышоў у пустыннае месца каля горада, які называўся Бэтсайда.
11 Калі пра гэта даведаліся натоўпы, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і прамаўляў ім аб Валадарстве Божым, а тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, аздараўляў.
12 А дзень пачаў сыходзіць, і, падышоўшы да Яго, дванаццаць сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб пайшлі ў пасяленні і вёскі, што навокал, і знайшлі, што паесці, бо тут мы ў пустынным месцы».
13 А Ён гаворыць ім: «Вы дайце ім есці». А яны сказалі: «Мы не маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы, хіба толькі пойдзем і купім ежы на ўвесь гэты натоўп».
14 Бо было іх каля пяці тысяч мужчын. Дык гаворыць Ісус Сваім вучням: «Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят».
15 І яны зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16 А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, зірнуў на неба, і дабраславіў іх, і паламаў, і даваў вучням Сваім, каб яны раздалі людзям.
17 І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося ў іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.
18 І сталася, калі Ён адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся Ён у іх, кажучы: «За каго лічаць Мяне людзі?»
19 А яны, адказваючы, сказалі: «За Яна Хрысціцеля, другія — за Іллю, а іншыя кажуць: “Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос”».
20 І сказаў Ён ім: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, сказаў Пётра: «За Хрыста Божага».
21 Ён, аднак, забараніўшы ім, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,
22 кажучы: «Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос».
23 А ўсім казаў: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой штодзённы, і ідзе следам за Мною.
24 А хто б хацеў душу сваю ўратаваць, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю за Мяне, выратуе яе.
25 Бо што за карысць чалавеку, калі б увесь свет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?
26 Бо калі хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і святых анёлаў.
27 Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, што тут стаяць, не спазнаюць смерці, перш чым не пабачаць Валадарства Божага».
28 І сталася: [амаль] праз восем дзён пасля гэтых слоў Ён узяў з Сабой Пётру, і Яна, і Якуба і ўзышоў на гару, каб памаліцца.
29 І сталася, калі маліўся, выгляд аблічча Яго перамяніўся, і адзенне Яго зрабілася бліскуча-белым.
30 І вось, два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Ілля,
31 якія, з’явіўшыся ў славе, гаварылі аб Яго зыходзе, які належала Яму здзейсніць ў Ерузаліме.
32 Пётра ж і тыя, што з ім, былі змораны сном. А абудзіўшыся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі з Ім.
33 І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётра гаворыць Ісусу: «Вучыцель, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну», не ведаючы, што гаварыў.
34 А калі ён гэта гаварыў, з’явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі у гэтае воблака.
35 І пачуўся голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце».
36 І калі голас сціх, Ісус застаўся адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
37 І сталася на наступны дзень, калі сыходзілі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
38 І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: «Настаўнік, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.
39 І вось жа, дух хапае яго, і ён раптоўна крычыць, ды кідае яго з пенай, і ледзь адступае ад яго, катуючы яго.
40 І я прасіў вучняў Тваіх, каб яны выгналі яго, але не змаглі».
41 Тады Ісус, адказваючы, сказаў: «О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды».
42 А калі падыходзіў, таргануў яго дэман і кінуў яго. Але Ісус забараніў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку яго.
43 Таму ўсе дзівіліся з магутнасці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што зрабіў Ісус, сказаў вучням Сваім:
44 «Укладзіце вы ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».
45 Але яны не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.
46 З’явілася ж у іх думка, хто з іх большы.
47 А Ісус, ведаючы думкі сэрца іх, узяўшы дзіця, паставіў яго каля Сябе
48 і гаворыць ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы».
49 Адказваючы, Ян сказаў: «Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі».
50 І гаворыць яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто не супраць нас, той за нас».
51 І сталася, калі набліжаліся дні зыходу Яго, Ён звярнуў аблічча Сваё, каб ісці ў Ерузалім,
52 і паслаў перад Сабой вестуноў. І, пакрочыўшы, яны ўвайшлі ў паселішча самарыцянскае, каб прыгатаваць для Яго.
53 Але не прынялі Яго, бо меў выгляд таго, хто ідзе ў Ерузалім.
54 Калі ўбачылі гэта вучні Яго, Якуб і Ян, то сказалі: «Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб сышоў агонь з неба і спаліў іх, як і Ілія зрабіў?»
55 Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, і сказаў: «Не ведаеце, якога вы духа:
56 бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць». І пайшлі ў другое сяленне.
57 І сталася, калі яны ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: «Госпадзе, пайду за Табой, куды толькі пойдзеш».
58 І гаворыць яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе б галаву прыхіліць».
59 А іншаму гаворыць: «Ідзі за Мной!» А той сказаў: «Госпадзе, дазволь мне перш пайсці і пахаваць бацьку майго».
60 Але Ісус сказаў яму: «Пакінь, хай мёртвыя хаваюць сваіх мёртвых, а ты ідзі абвяшчай Валадарства Божае».
61 А іншы гаворыць: «Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш развітацца з тымі, хто ў мяне дома».
62 Але Ісус гаворыць яму: «Ніхто не прыдатны для Валадарства Божага, хто ўскладае руку сваю на плуг і азіраецца назад».

От Луки 9 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.