Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Деяния 10 глава
1 А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,
2 пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны народу ды заўсёды маліўся да Бога.
3 Каля дзявятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»
4 Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.
5 Дык зараз жа пашлі людзей у Ёпу і запрасі нейкага Сімона, званага Пётрам.
6 Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.»
7 Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, ён паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,
8 расказаў ім усё, і паслаў іх у Ёпу.
9 На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра каля шостай гадзіны ўзышоў на дах, каб памаліцца.
10 І, калі адчуў ён голад і захацелася яму есці, пакуль гатавалі яму, найшло на яго захапленне,
11 і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі да яго на зямлю,
12 на ёй былі ўсякія чатырохногія зямлі, звяры, гады і птушкі нябесныя.
13 І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еж!»
14 А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не еў нічога паганага і нячыстага».
15 І голас ізноў паўторна азваўся да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».
16 І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.
17 І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.
18 Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.
19 А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,
20 дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».
21 І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам, пасланым ад Карнэлія да яго: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
22 Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».
23 Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў як гасцей. А на другі дзень Пётра, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёпы разам з імі выбраўся ў дарогу.
24 На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.
25 І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.
26 Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».
27 І, гутарачы з ім, увайшоў у дом, і знайшоў там шмат сабраўшыхся,
28 і сказаў ім: «Вы ведаеце, што юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.
29 Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»
30 І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзявятай гадзіне я посціў і маліўся я ў сваім доме, і вось, паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,
31 і гаворыць: “Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.
32 Дык пашлі ў Ёпу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора, і ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
33 Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Бог даручыў».
34 Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,
35 але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.
36 Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы добрую вестку пра супакой праз Ісуса Хрыста; Ён — Госпад усіх.
37 Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, які прапаведаваў Ян;
38 пра Ісуса з Назарэта, як намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, і Ён хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.
39 І мы — сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.
40 Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,
41 ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.
42 І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён — Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.
43 І ўсе прарокі сведчаць аб тым, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».
44 І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.
45 Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пётрам, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,
46 бо чулі, што яны гавораць мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:
47 «Хто можа адабраць ваду, каб не былі ахрышчаны, ў тых, якія атрымалі Духа Святога, як і мы?»
48 І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.
Деяния 10 глава в переводах