Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Римлянам 12 глава
1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашы ў ахвяру жывую, святую, мілую Богу на разумнае служэнне ваша.
2 І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму вашага, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, добрая, прыемная, дасканалая.
3 Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб не думалі аб сабе вышэй, чым належыць, але каб думалі цвяроза, паводле той меры веры, якую вызначыў Бог.
4 Бо як у адным целе маем многа членаў, а ўсе члены не тую самую работу маюць,
5 так і мы многія ёсць адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
6 А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: калі дар прароцтва — то згодна з верай,
7 калі служэнне — то для служэння, калі хто навучае — для навучання,
8 калі хто заахвочвае — для заахвочвання; калі хто раздае — у прастаце сэрца, калі хто старшынствуе — дык рупліва, калі хто мілуе — дык з ахвотаю.
9 Любоў хай будзе без крывадушнасці. Адварочвайцеся ад ліха, прыгартайцеся да дабра;
10 шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, у пашане адзін аднаго апераджаючы;
11 у рупнасці не слабейце, духам палаючы, Госпаду служачы,
12 у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,
13 бярыце ўдзел у патрэбах святых, будзьце гасцінныя.
14 Дабраслаўляйце пераследавальнікаў сваіх; дабраслаўляйце, а не кляніце!
15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.
16 Будзьце між сабой аднадумцамі, не сягайце думкамі высока, але ідзіце ўслед за пакорлівымі. Не будзьце мудрымі самі з сабой.
17 Не аддавайце злом за зло. Дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.
18 Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.
19 Не помсціце, умілаваныя, самі за сябе, але дайце месца гневу, як напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Госпад.
20 Дык, калі будзе галодны вораг твой, накармі яго; калі будзе сасмаглы, дай яму піць. Так вось робячы, вуголле гарачае насыпаеш яму на галаву.
21 Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром.
Римлянам 12 глава в переводах