Библия » Пераклад Чарняўскага 2017
Ефесянам 1 глава
1 Паўла, Апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе:
2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у нябёсах усякім дабраславеннем духоўным у Хрысце,
4 Бо выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові;
5 Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй,
6 на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным,
7 у Якім маем адкупленне праз Кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго,
8 якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і разуменні,
9 каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім,
10 на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою — Хрыстом.
11 У Ім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны наперад паводле рашэння Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй,
12 каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста.
13 У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання,
14 Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы.
15 Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,
16 не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх,
17 каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго,
18 прасветленыя вочы розуму вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых,
19 і якая бязмерная веліч магутнасці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнасці сілы Яго,
20 якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах
21 вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;
22 і ўсё паклаў пад ногі Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,
23 якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе.
Ефесянам 1 глава в переводах