Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Евреям 10 глава

1 Бо закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыходзяць.
2 Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.
3 Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.
4 Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў зняць грахі.
5 Таму, прыходзячы на свет, кажа Хрыстос: «Ахвяры і прынашэння не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.
6 Цэласпаленні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.
7 Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».
8 Сказаўшы раней: «Ахвяр і прынашэнняў, цэласпаленняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,
9 потым сказаў: «Вось, іду, каб выканаць волю Тваю, Божа». Касуе першую, каб устанавіць другую.
10 На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.
11 І кожны святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.
12 Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,
13 чакаючы, аж дакуль непрыяцелі Яго будуць пакладзены пад ногі Яго.
14 Вось, Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.
15 Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:
16 «Вось якім будзе запавет, які Я размяшчу ў іх сэрцах і ў думках іх упішу іх,
17 ды грахоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».
18 А дзе дараванне гэтых, там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.
19 Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,
20 Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,
21 і вялікага Першасвятара над домам Бога,
22 прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, крапленнем ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.
23 Трымаймася непарушна вызнання надзеі, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;
24 і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.
25 Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень гэты.
26 Бо калі мы самахоць грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,
27 але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе пажэрці супраціўнікаў.
28 Хто адкінуў закон Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.
29 Падумайце самі, наколькі ж страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?
30 Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», — кажа Госпад, — або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».
31 Страшна трапіць у рукі Бога жывога.
32 Прыпомніце мінулыя дні, у якія вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,
33 іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.
34 Бо спачувалі кайданам маім, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце [ў небе] багацце лепшае, трывалае.
35 Дык не пакідайце мужнасці вашай, якая мае вялікую ўзнагароду.
36 Цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, атрымаць абяцанае.
37 Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.
38 Бо “справядлівы з веры жыве; калі б хто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая”.
39 Мы ж не з’яўляемся адступнікамі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.