Читай и изучай

Библия » Пераклад Чарняўскага 2017

Евреям 13 глава

1 Няхай трывае між вамі братняя любоў.
2 Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць.
3 Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела.
4 Няхай ва ўсіх будзе ў пашане шлюб і ложак беззаганны, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.
5 Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволены тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе».
6 Так што адважна мы кажам: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?»
7 Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры.
8 Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі.
9 Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што пайшлі за ёю.
10 Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, якія паслугуюць у палатцы.
11 Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грэх прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам.
12 Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю.
13 Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім зганьбаванне,
14 бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага.
15 Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, што праслаўляюць Яго імя.
16 Не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу.
17 Слухайце настаўнікаў вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя даць справаздачу. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам.
18 Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім рабіць добра.
19 Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам.
20 Бог жа супакою, Які ўваскрасіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса,
21 хай удасканаліць вас ва ўсякай справе добрай, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому слава на векі вечныя. Амін.
22 Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвочвання, бо толькі трохі напісаў я вам.
23 Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.
24 Прывітайце ўсіх вашых настаўнікаў і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
25 Ласка з вамі ўсімі. Амін.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.