Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
От Марка 11 глава
1 І, калі падыйшлі да Ерузаліму, да Віфагіі і Віфані, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
2 і кажа ім: пайдзе́це ў сяло, што перад вамі; увахо́дзячы да яго, за́раз знойдзеце прывя́занае асьля́тка, на якога ніхто з людзе́й не сяда́ў; адвязаўшы яго, прывядзе́це.
3 І калі хто скажа вам: што вы гэта робіце? адказвайце, што ён партэбны Госпаду: і за́раз пашле́ яго сюды.
4 Яны пайшлі і знайшлі асьлятка, прывя́занае ля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
5 І некаторыя, што тамака стаялі, гаварылі ім: што робіце? На што́ асьля́тка адвя́зваеце?
6 Яны адказалі ім, як загадаў Ісус; і тыя пусьцілі іх.
7 І прывялі асьля́тка да Ісуса і паклалі на яго свае́ вопраткі, і Ён се́ў на яго.
8 І многія пасьцілалі адзе́жу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі ве́цьце з дрэваў і ўсьцілалі ім дарогу.
9 І тыя, што йшлі перад і за Ім, крычалі, мовячы: Осанна! Багасла́ўлены, што йдзе́ ў імя Госпада!
10 Багасла́ўлена царства айца нашага Давіда, якое йдзе́ ў імя Госпада! Осанна на вышынí!
11 І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і ў сьвятыню; і, аглядзе́ўшы ўсё, выйшаў у Віфанію з дванаццацьма, бо час ужо быў позны.
12 І наза́ўтрае, як выйшлі яны з Віфаніі, захаце́ў Ён е́сьці.
13 І, угле́дзіўшы здалёк смакоўніцу, пакры́тую лісьцём, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-не́будзь; але, падыйшоўшы да яе́, нічога не знайшоў, апрача лісьця́, бо ня час быў на смоквы.
14 І, прамовіўшы, сказаў да яе́ Ісус: Няхай ніхто з цябе́ да ве́ку ня е́сьць плоду! І чулі гэтае вучні Ягоныя.
15 І прыйшлі ў Ерузалім. І Ісус, увайшоўшы ў царкву́, пачаў выганяць купляўшых і прадаваўшых у царкве́; і папераваро́чваў сталы́ мяня́льнікаў і ўсло́ны прадаўцоў галубоў;
16 і не дазволіў, каб хто праз царкву́ насіў хоць якое судзьдзё.
17 І навучаў, кажучы: ці-ж не напісана: дом Мой домам малітвы ўсімі народамі будзе назва́ны, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў (Ісая 56:7; Ерамія 7:11).
18 І пачулі гэтае кніжнікі ды архірэі і шукалі, як загубіць Яго, бо бая́ліся Яго, што ўве́сь народ дзівіўся з навукі Ягонае.
19 І, як зрабілася позна, Ён выйшаў з ме́ста.
20 І раніцай, праходзячы міма, уба́чылі смакоўніцу, засохшы да караня́.
21 І, успо́мніўшы, Пётр кажа Яму: Равві! глядзі, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, засохла.
22 І, адказваючы, Ісус кажа ім:
23 Ме́йце ве́ру Божую. Бо запраўды́ кажу́ вам: калі хто скажа гарэ гэтай: узьніміся і кінься ў мора, і ня будзе сумлявацца ў сэрцы сваім, але ве́ру ме́ць будзе, ста́нецца так, як гавора, — будзе яму, што-б ні сказаў.
24 Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго-б вы ні прасілі ў малітве, ве́рце, што даста́неце і будзе вам.
25 І калі стаіцё на малітве, даруйце, калі што ма́еце на каго, каб і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, дараваў вам грахí вашыя.
26 Калі-ж вы не даруеце, то і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, не даруе вам грахо́ў вашых.
27 І прыходзяць ізноў у Ерузалім. І, калі Ён хадзіў у царкве́, падыйшлі да Яго архірэі і кніжнікі ды старшы́ны
28 і спыталіся ў Яго: якою ўлада́ю Ты гэтае робіш, і хто даў Табе́ ўладу рабіць гэтае?
29 Ісус жа адказаў ім, мовячы: спытаюся і Я ў вас адно слова: адкажэце Мне́, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.
30 Хрышчэньне Іоанава з не́ба было, ці ад людзе́й? Адказвайце Мне́.
31 Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з не́ба, то Ён скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
32 А сказаць: ад людзе́й — баяліся народу, бо ўсе́ лічылі Іоана, што запраўды́ быў прарок.
33 І сказалі ў адказ Ісусу: ня ве́даем. Тады Ісус адказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.
От Марка 11 глава в переводах