Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

От Луки 24 глава

1 У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, ве́льмі ра́на, нясучы́ прыгатава́ныя пахі, прыйшлі яны да магілы і разам з імі некато́рыя другія;
2 але знайшлі ка́мень адва́лены ад магілы.
3 І ўвайшоўшы, не знайшлі Це́ла Госпада Ісуса.
4 І сталася, як зьняла іх ад гэтага трывога, зьявіліся перад імі два чалаве́кі ў бліскучым адзе́ньні.
5 Калі-ж ад страху скланілі яны абліччы свае́ да зямлі,— тыя сказалі ім: што́ вы шукаеце жывога між паме́ршымі?
6 Яго няма тут: Ён ускрос; прыпомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
7 мовячы, што Сын Чалаве́чы мусіць быць вы́даны ў рукі людзе́й грэшных і будзе расьпяты, а на трэці дзень уваскрэсьне.
8 І ўспомнілі яны словы Яго,
9 і, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.
10 Былі-ж гэта Марыя Магдаліна і Іоанна, і Марыя, маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым Апосталам.
11 І здаліся ім словы іх пустымі, і не паве́рылі ім.
12 Але Пётр, устаўшы, пабег да гробу і, нахіліўшыся, убачыў толькі ляжаўшую тканіну і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе́ з стаўшагася.
13 У той жа дзе́нь двое з іх ішлі ў сяло, што ў шэсьцьдзесяцёх стадыях ад Ерузаліму, званае Эмаус,
14 і гутарылі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
15 І ста́лася, як гутарылі яны ды разважалі між сабою, вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі;
16 але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго.
17 Ён жа сказаў ім: аб чым гэта вы разважаеце між сабою, і чаго вы засмучоны?
18 Адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму ў адказ: ці-ж ты адзін з прыйшоўшых у Ерузалім ня ве́даеш, што ста́лася ў ім у гэтыя дні?
19 І сказаў ім: аб чым? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок, моцны ў дзе́ле і слове перад Богам і ўсім народам;
20 як выдалі Яго архірэі ды начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і раскрыжавалі Яго?
21 А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што павінен збавіць Ізраіля; а да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзе́нь сяньня, як тое сталася,
22 але некаторыя жанчыны з нашых абаламуцілі нас: яны былі раніцай ля магілы
23 і не знайшлі це́ла Яго і, прыйшоўшы, сказалі, што яны бачылі, як зьявіліся Ангелы, якія кажуць, што Ён жывы́;
24 і пайшлі некато́рыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны казалі, але Яго ня бачылі.
25 Тады Ён сказаў ім: О, бязмысныя і ляныя сэрцам паве́рыць усяму, што прарочылі прарокі!
26 Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпе́ць Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
27 І, пачаўшы ад Майсе́я, з усіх прарокаў выясьняў ім усё напісанае аб Ім.
28 І падыйшлі яны да таго сяла, куды йшлі; і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці дале́й;
29 але яны затрымлівалі Яго, ка́жучы: застанься з намі, бо дзе́нь ужо схіліўся да ве́чара. І Ён увайшоў, і застаўся з імі.
30 І, калі Ён сядзе́ў за сталом з імі, то, узяўшы хле́б, багаславіў, паламаў і падаў ім.
31 І тады адчыніліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён стаўся нявідным для іх.
32 І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?
33 І, устаўшы ў той жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць Апосталаў і быўшых з імі,
34 якія гаварылі, што Госпад запраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
35 І яны расказвалі, што зда́рылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хле́ба.
36 Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: мір вам!
37 Яны, здуме́ўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што відзяць духа,
38 але Ён сказаў ім: чаго здуме́ліся? і чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
39 Паглядзе́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; ашчупайце Мяне́ й разгле́дзьце, бо дух це́ла і касьце́й ня ма́е, што́, як бачыце, Я ма́ю.
40 І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.
41 Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня ве́рылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая е́жа?
42 Яны падалі Яму частку пе́чанай рыбы й сотавага мёду.
43 І, узяўшы, е́ў перад імі.
44 І сказаў ім: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі: што павінна выпаўніцца ўсё, напісанае аба Мне́ ў законе Майсе́явым і ў прароках ды псальмах.
45 Тады расчыніў ім розум дзеля зразуме́ньня Пісаньня.
46 І сказаў ім: так напісана і так нале́жала цярпе́ць Хрысту і ўваскрэснуць з уме́ршых на трэці дзень,
47 і прапаве́дывацца ў імя Яго пакая́ньню ды адпушчэньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму;
48 вы-ж сьве́дкі гэтага;
49 і вось Я пасылаю абяцанае Айцом Маім на вас; вы-ж аставайцеся ў ме́сьце Ерузаліме, дакуль не адзе́нецеся сілаю звыш.
50 І вы́веў іх з ме́ста да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае́, багаславіў іх.
51 І ста́лася, як багасла́віў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзнасіцца на не́ба.
52 І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцяй,
53 і былі ўсьцяж у царкве́, сла́вячы і хва́лючы Бога. Амін.

От Луки 24 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.