Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
2 Коринфянам 9 глава
1 Для мяне́-ж лішне пісаць да вас аб служэньні сьвятым,
2 бо я ве́даю вашу ахвоту, якой пахваляюся вамі перад Македонянамі, што Ахайя прыгатавана яшчэ з ле́ташняга году; і рупнасьць ваша заахвоціла многіх.
3 Братоў жа я паслаў, каб маё хвале́ньне вас не аказалася дарэмным у гэтым выпадку, але каб вы, як я гаварыў, былі прыгатаваны,
4 каб, як прыдуць са мною Македоняне і зно́йдуць вас негатовымі, не асароміліся мы, — каб не сказаць: вы, — пахваліўшыся з гэткаю пэўнасьцяй.
5 Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны напе́рад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абве́шчаны напе́рад дар ваш быў прыгатаваны так, як дар, а не як прымус.
6 Вось жа: хто се́е скупа, той скупа і пажне́; а хто се́е шчодра, той шчодра і пажне́.
7 Кожны (давай) па голасу сэрца, ня з жалю або з прымусу, бо Бог любіць таго, хто ра́ды дае́.
8 Бог-жа дуж узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб, заўседы і ў-ва ўсім маючы ўсякі дастатак, былі багаты на ўсякае добрае дзе́ла,
9 (як напісана: Рассыпаў, раздаў убогім; праведнасьць яго астае́цца навекі (Псальм 111:9).
10 А хто дае́ насе́ньне се́ючаму, дасьць і хле́б дзеля е́жы, і памножыць пасе́ў ваш, і павялічыць плады праведнасьці вашае),
11 каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас робіць падзяку Богу,
12 Бо ўпарадкаваньне служэньня гэтага ня толькі папаўняе тое, ў чым маюць недастатак сьвятыя, але і многімі дзякаваньнямі Богу багатае.
13 Бо праз вы́прабаваньне служэньня гэтага яны славяць Бога за пакорнасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчырую лучнасьць з імі і з усімі
14 і моляцца за вас, прыхіляючыся да вас праз вялікую ласку Божую ў вас.
15 Падзяка Богу за дар Яго нявымоўны.
2 Коринфянам 9 глава в переводах