Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Евреям 10 глава

1 Бо закон, ма́ючы це́нь будучага дабра́, а ня самы абра́з рэчаў, тымі-ж ахвярамі, што прыносяцца кожын год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць (з імі).
2 Бо кінулі-б прынасіць іх, бо ўжо ня ме́лі-б ніякае сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, раз ачы́шчаныя.
3 Але ў іх што-году ўспамін аб грахох,
4 бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў зьнімала грахі.
5 Дзеля гэтага (Хрыстос), уваходзячы ў сьве́т, кажа: Ахвяры й да́ру Ты не захаце́ў, але це́ла прыгатаваў мне́.
6 Усепале́ньні й (ахвяры) за грэх недаспадобы Табе́.
7 Тады Я сказаў: вось, іду (на пачатку кнігі напісана аба Мне́) учыніць волю Тваю, Божа (Псальм 39:7−9).
8 Сказаўшы пе́рш, што ні ахвяры, ні да́ру, ні ўсепале́ньняў, ні (ахвяры) за грэх Ты не захаце́ў і не ўпадабаў, — а яны прыносяцца водле закону, —
9 пасьля сказаў: вось іду учыніць волю Тваю, Божа. Касу́е пе́ршае, каб паставіць другое.
10 Гэтай вось воляй асьвячоны мы аднакротна прынясе́ньнем це́ла Ісуса Хрыста.
11 І ўсякі сьвяшчэньнік штодня стаіць, служачы ды мнагакро́тна прыносячы тыя-ж ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
12 Ён жа, прыне́сшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды се́ў праваруч Бога,
13 ждучы́ дале́йшага, дакуль ворагі Яго будуць пакла́дзены к падножжу ног Яго (Псальм 2:8).
14 Бо Ён адным да́рам дасканалымі зрабіў назаўсёды асьвяча́ных.
15 Сьве́дчыць жа нам і Дух Сьвяты; бо сказана:
16 Вось запаве́т, які пакладу́ вам пасьля дзён гэных, кажа Госпад: даўшы законы Маі ў се́рцы іх, напішу іх і ў думках іхніх,
17 і грахоў іх і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й.
18 А дзе адпушчэньне іх, там непатрэбны дар за грахі.
19 Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню крывёй Ісуса Хрыста,
20 шляхам новым і жывым, які Ён аднавіў нам праз заслону, гэта ёсьць це́ла Свае́,
21 ды маючы вялікага Сьвяшчэньніка над домам Божым,
22 прыступайма з шчырым сэрцам, у поўні ве́ры, акрапіўшы сэрцы ад сумле́ньня благога і абмыўшы це́ла чыстай вадою,
23 трыма́ймася няўхільна вызна́ньня надзе́і, (бо ве́рны Той, Хто прырок).
24 І ўважа́йма адзін на аднаго, заахвочываючы да любві і добрых учынкаў,
25 не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы (да яго), і тым бале́й, чым бале́й выгляда́еце набліжэньня гэнага дня.
26 Бо калі мы самахоць грашы́м, прыняўшы пазнаньне праўды, дык ужо не астае́цца ахвяра за грахі,
27 але не́йкае страшное чаканьне суду і па́лу агнявога, што ма́е пажэрці супраціўнікаў.
28 Хто адступіўся ад закону Майсе́явага пры двох ці трох сьве́дках, хай памрэць без зьмілаваньня;
29 наколькі-ж, думаеце, цяжэйшае ка́ры варты будзе той, хто Сына Божага патапта́ў, і кроў запаве́ту, якою ён асьвячоны, за звычайную ўважаў, і Духа ласкі зьняважа́ў?
30 Мы ве́даем Таго, Хто сказаў: Мне́ помста, Я аддам, кажа Госпад. І ізноў: Госпад будзе судзіць народ Свой (Другазаконьне 32:35−36).
31 Страшна папасьці ў рукі Бога Жывога.
32 Прыпомніце-ж пе́ршыя дні вашыя, калі вы, прасьве́чаныя, вытрымалі вялікае тамле́ньне мукаў,
33 то самі выстаўля́ныя на зьнявагі і зьдзе́кі, то дзе́лючы такое-ж жыцьцё другіх,
34 бо вы і маім путам спачувалі, і рабаваньне багацьця вашага з радасьцяй прыймалі, ве́даючы, што маеце на нябёсах багацьце ле́пшае, непераходзячае.
35 Дык не пакідайце адвагі вашае, якая ма́е вялікую нагароду.
36 Бо патрэбна вам цярплівасьць, учыніўшы волю Божую, дастаць абяцанае;
37 бо яшчэ крыху, крыху, і прыдзе Той, Хто надыходзе, і не замарудзіць.
38 А пра́ведны ве́раю жыць будзе; і: калі хто спалохаецца, не ўпадаба́е яго душа Мая (Аввакума 2:3−4).
39 Мы-ж не палахлівыя на пагібель, але ве́руючыя на збаўле́ньне душы.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.