Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Евреям 12 глава

1 Дзеля гэтага і мы, маючы навакол сябе́ гэткую хмару сьве́дак, скінуўшы ўсякую гордасьць і грэх, што нас блутаў, з цярплівасьцяй прабягаць будзем праз поле барацьбянае, што ляжыць перад намі,
2 пазіраючы на пачынальніка і завяршыцеля ве́ры, Ісуса, Які заме́ст радасьці, што была перад Ім, перацярпе́ў крыж, ня дбаючы аб сорам, ды се́ў праваруч пасаду Божага.
3 Бо падумайце аб Тым, Хто перацярпе́ў гэткі над сабою зьдзе́к ад грэшнікаў, каб вы не зьнемага́ліся, аслабе́ўшы душамі вашымі.
4 Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
5 і забыліся аб закліку, што кажацца вам, як сыном: Сын мой! Ня грэбуй ка́рай Гасподняй і не слабе́й, калі Ён цябе́ дакара́е.
6 Бо Госпад, каго любіць, таго карае, ды б’е́ ўсякага сына, якога прыймае (Прыповесьцяў 3:11−12).
7 Калі вы це́рпіце кару, дык Бог адносіцца да вас, як да сыноў: бо ці ёсьць гэткі сын, якога-б не караў бацька?
8 Калі-ж астаецёся бяз кары, супольнікамі якое сталіся ўсе́, дык вы байструкі, а не сыны́.
9 Дык, калі мы ме́лі бацькоў це́ла нашага, якія нас каралі, і баяліся іх, — то ці ня шмат бале́й кары́цца будзем Айцу духаў ды жыць?
10 Бо тыя кара́лі, як самі думалі, на няшмат дзён; а Гэты — на карысьць, каб быць нам учасьнікамі ў сьвятасьці Яго.
11 Усякае-ж кара́ньне ў цяпе́рашні час здае́цца ня ра́дасьцяй, а сумам; а пасьля дае́ наву́чаным ім мірны плод праведнасьці.
12 Дык выпрастуйце апусьціўшыяся рукі і стомленыя калені (Ісая 35:3)
13 і сьце́жкі простыя рабе́це нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, а ле́пш наздараве́ла.
14 Старайцеся аб мір з усімі і аб сьвятасьць, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
15 гле́дзячы, каб хто ня ўтраціў ласкі Божае; каб які горкі корань, вырасшы ўве́рх, не зрабіў шкоды, ды праз яго каб не апаганіліся многія (Другазаконьне 29:18);
16 каб ня было між вамі каго блуднага, ці нясьве́дамага, як Ізаў, які за адну страву аддаў першародзтва сваё.
17 Бо ве́дайце, што і пасьля ён, хочучы ўнасьле́даваць багаслаўле́ньне, быў адкінены; бо не знайшоў ме́сца пакаяньня, хоць і шукаў яго з сьлязьмі.
18 Бо не прыступіліся вы да гары́ датыкальнае і агнём палаючае, ані да це́мры, і мроку, і буры,
19 ані да гуку трубнага і голасу мовы, аб якім чуўшыя прасілі, каб да іх ня было больш слова,
20 (бо ня вытрымалі зага́данага: калі і зьве́р дакране́цца да гары, будзе ўкаменава́ны ці каменем забіты (Выхад 19:13),
21 і гэткая жахлівая была гэная праява, што Майсе́й сказаў: Я у страху й дрыжу).
22 Але вы прыступіліся да гары́ Сыону і да ме́ста Бога Жывога, да нябе́снага Ерузаліму і да мірыядаў Ангелаў,
23 да зграмаджэньня і царквы першакоў, запісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх, Бога, і да духаў праведнікаў, што дайшлі даскана́ласьці,
24 і да пасярэдніка новага запаве́ту, Ісуса і да крыві акрапле́ньня, што ле́пш за Авеляву прамаўляе.
25 Глядзе́це, не адвярне́цеся й вы ад таго, хто гаворыць. Бо, калі тыя не ўцяклі, не паслухаўшы прарочыўшага на зямлі, то тым бале́й мы, калі адве́рнемся ад нябе́снага,
26 голас Якога тады захістаў зямлёю, цяпе́р жа прырок, кажучы: Яшчэ раз устрасяну ня толькі зямлю, але й не́ба (Агея 2:7).
27 Словы «яшчэ раз» паказваюць зьме́ну ўстраса́нага, як створанага, каб трываць непарушна.
28 Дык мы, прыняўшы царства непарушнае, ласку ма́ем, праз якую служыцімем Богу даспадобы з саромлівасьцяй і страхам,
29 бо Бог наш ёсьць агонь, што пажырае (Другазаконьне 4:24).
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.