Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
От Матфея 23 глава
1 Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і Сваіх вучняў,
2 кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі.
3 Дык усё, што яны скажуць вам рабіць, рабіце і захоўвайце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.
4 Звязваюць жа яны цяжары важкія і нязручныя і ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам не хочуць іх зрушыць.
5 І ўсе свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі; бо свае філактэрыі пашыраюць і павялічваюць кутасы на сваім адзенні
6 і любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лавы ў сінагогах,
7 і каб іх віталі на рыначных плошчах, і каб людзі называлі іх «равві».
8 А вы не называйцеся «равві», бо адзін у вас Настаўнік, Хрыстос, вы ж усе — браты.
9 І сваім бацькам не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька Нябесны.
10 І няхай не называюць вас настаўнікамі, бо Настаўнік у вас адзін — Хрыстос.
11 І большы з вас няхай будзе вашым слугою.
12 Хто ж ўзвысіць сябе, будзе прыніжаны; а хто прынізіць сябе, будзе ўзвышаны.
13 Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Царства Нябёсаў перад людзьмі: бо вы самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
14 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся; за тое прымеце большы прысуду.
15 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць аднаго празеліта, і калі гэта здарыцца, вы робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
16 Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «Калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, той вінаваты».
17 Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?
18 І: «Калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога; а хто паклянецца дарам, што на ім, то вінаваты».
19 Неразумныя і сляпыя, бо што большае: дар ці ахвярнік, які асвячае дар?
20 Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;
21 і хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве;
22 і хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але ўпусцілі больш важкае ў законе: суд, міласэрнасць і веру; трэба было гэта рабіць і таго не ўпускаць.
24 Сляпыя павадыры, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы ачышчаеце чашы і місы звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя грабежніцтва і неўстрымання.
26 Сляпы фарысей, ачысьці спярша ўсярэдзіне чашы і місы, каб яны зрабіліся і звонку чыстыя.
27 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы прыпадабняецеся да пабеленых магільняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўняцца касцямі мёртвых і ўсялякім брудам.
28 Так і вы з выгляду здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы будуеце магільні прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
30 і кажаце: «Калі б мы былі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх саўдзельнікамі ў крыві прарокаў».
31 Так што вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў.
32 І вы дапаўняйце меру вашых бацькоў.
33 Змеі, гадзючыя выпадкі! Як вы ўцечаце ад асуджэння ў геену?
34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у вашых сінагогах і гнаць з горада ў горад;
35 каб прыйшла на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі — ад крыві праведнага Авеля да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам.
36 Сапраўды кажу вам, усё гэта прыйдзе на гэтае пакаленне.
37 Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе, — колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылы сваіх птушанят, ды вы не захацелі!
38 Вось, пакідаецца вам ваш дом пустым.
39 Бо кажу вам: З гэтага часу ні ў якім разе не ўбачыце Мяне, пакуль не скажаце: «Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»
От Матфея 23 глава в переводах