Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Иакова 2 глава
1 Браты мае, майце веру ў праслаўленага нашага Госпада Ісуса Хрыста без аглядкі на асобы.
2 Бо калі ўвойдзе на ваш сход чалавек з залатым пярсцёнкам, у раскошным адзенні, і ўвойдзе таксама ўбогі ў брудным адзенні,
3 і вы паглядзіце на таго, хто носіць бліскучае адзенне і скажаце: «Ты сядай тут, на добрае месца», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там альбо сядай пад маё падножжа»,
4 то ці не стварылі адрозненняў вы ў саміх сябе і ці не зрабіліся суддзямі з карыслівымі разлікамі?
5 Паслухайце, браты мае ўлюбёныя: ці не Бог абраў убогіх свету быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Царства, якое Ён паабяцаў тым, хто любіць Яго?
6 Вы ж зняважылі ўбогага. Ці не багатыя прыгнятаюць вас і ці не яны цягнуць вас у суды?
7 Ці не яны знеслаўляюць добрае імя, якім вы называецеся?
8 Калі вы ўсё ж выконваеце царскі закон паводле Пісання: «Любі свайго блізкага, як самога сябе», вы добра робіце;
9 калі ж аглядваецеся на асобы, грэх чыніце, выкрываецеся законам як злачынцы.
10 Бо хто ўвесь закон выканае, але спатыкнецца ў адным, той робіцца ва ўсім вінаваты.
11 Бо Той, Хто сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забі». Калі ж ты не чужаложыш, але забіваеш — ты зрабіўся злачынцам закона.
12 Так кажыце і так рабіце як тыя, што маюць быць суджаныя паводле закона свабоды.
13 Бо суд без літасці да таго, хто не выявіў літасці; літасць узвышаецца над судом.
14 Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?
15 Калі брат альбо сястра раздзетыя і штодня маюць нястачу ў ядзе,
16 а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце з мірам, грэйцеся і карміцеся», але вы не дасце ім неабходнага для цела, — то якая ў тым карысць?
17 Так і вера, калі не мае ўчынкаў, — мёртвая сама па сабе.
18 Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне тваю веру без учынкаў, а я пакажу табе маю веру з маіх учынкаў».
19 Ты верыш, што Бог адзіны? Добра робіш; і дэманы вераць і трасуцца.
20 Але ці хочаш ведаць, о пусты чалавеча, што вера без учынкаў бескарысная?
21 Аўраам, наш бацька, ці не ўчынкамі быў апраўданы, узнёсшы Ісаака, свайго сына, на ахвярнік?
22 Ты бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, і ўчынкамі вера была зроблена дасканалаю,
23 і спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасць», і ён быў названы другам Божым.
24 Вы бачыце, што чалавек апраўдваецца ўчынкамі, а не толькі вераю.
25 Падобна ж і Рааў, распусніца, ці не ўчынкамі была апраўдана, прыняўшы пасланцоў і выпусціўшы іх іншаю дарогаю?
26 Бо як цела без духу мёртвае, так і вера без учынкаў мёртвая.
Иакова 2 глава в переводах