Читай и изучай
Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Откровение 6 глава
7 глава »
1 І я ўбачыў, як Агнец зняў першую з сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істот, якая казала быццам голасам грому: Прыйдзі і глядзі!
2 І я ўбачыў: і вось белы конь, і той, хто сядзіць на ім, мае лук; і быў дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы і каб перамагчы.
3 І калі Ён зняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту, якая казала: Прыйдзі і глядзі!
4 І выйшаў іншы агніста-чырвоны конь, і таму, хто сядзеў на ім, было дадзена ўзяць мір з зямлі і каб людзі забівалі адзін аднаго, і быў дадзены яму вялікі меч.
5 І, калі Ён зняў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: Прыйдзі і глядзі! — І я ўбачыў: і вось, чорны конь, і той, хто сядзіць на ім, мае вагу ў сваёй руцэ.
6 І я пачуў як бы голас пасярэдзіне чатырох жывых істотаў, які казаў: Хінікс пшаніцы за дынарый, і тры хініксы ячменю за дынарый; а алею і віну не рабі шкоды.
7 І, калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай істоты, якая казала: Прыйдзі і глядзі!
8 І я ўбачыў: і вось бледны конь, і таму, хто сядзеў на ім, імя смерць; і пекла з ім ішло ўслед, і была дадзена ім улада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом, і голадам, і смерцю, і зямнымі звярамі.
9 І, калі Ён зняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое яны мелі.
10 І яны закрычалі гучным голасам, кажучы: Дакуль, Уладыка Святы і Праўдзівы, Ты не будзеш судзіць і помсціць за нашу кроў тым, хто жыве на зямлі?
11 І дадзены былі кожнаму з іх белыя шаты, і было сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль іх саўдзельнікі і іх браты, якія павінны быць забітыя, як і яны, дапоўняць іх лік.
12 І я ўбачыў, калі Ён зняў шостую пячатку: і адбыўся вялікі землятрус, і сонца зрабілася чорнае, як валасяніца, і ўвесь месяц зрабіўся, як кроў,
13 і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як фігавае дрэва, трасучыся ад вялікага ветру, скідвае свае недаспелыя фігі;
14 і неба адышло, быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і востраў былі зрушаны са сваіх месцаў.
15 І зямныя цары, і вяльможы, і тысячаначальнікі, і багатыя, і моцныя, і кожны раб, і вольны схаваліся ў пячоры і ў скалы гор:
16 і яны кажуць гарам і скалам: Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Агнеца,
17 бо прыйшоў вялікі дзень Іх гневу, і хто можа выстаяць?

 

Откровение 6 глава в переводах