Читай и изучай
Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Откровение 9 глава
10 глава »
1 І пяты Анёл затрубіў, і я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і быў дадзены ёй ключ ад вусця бездані.
2 І яна адамкнула вусце бездані; і падняўся дым з вусця, як дым з вялікай печы, і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з вусця.
3 І з дыму выйшла саранча на зямлю, і была дадзена ёй улада, як маюць уладу зямныя скарпіёны.
4 І было сказана ёй, каб не шкодзіла зямной траве, і ніякай зеляніне, і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія не маюць Божай пячаткі на сваіх ілбах.
5 І было дадзена ёй, каб яна не забівала іх, а толькі мучыла пяць месяцаў: і іх мука — як мука ад скарпіёна, калі ён уджаліць чалавека.
6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці і ні ў якім разе не знойдуць яе; і захочуць яны памерці, ды смерць уцячэ ад іх.
7 І выгляд у саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да вайны, і на яе галовах як бы вянкі, падобныя да золата, і яе твары — як твары людзей,
8 і ў яе валасы, як валасы ў жанчын, і ў яе зубы былі, як у львоў;
9 і яна мела панцыры, як панцыры жалезныя, а шум крылаў яе, як грукат калясніц ад мноства коней, якія мчацца на бітву.
10 І яна мела хвасты, падобныя да скарпіёнаў, і джалы, і ў яе хвастах — яе ўлада шкодзіць людзям пяць месяцаў.
11 Яна мае над сабою цара, анёла бездані; імя яму па-яўрэйску — Авадон, а па-грэцку імя ў яго Апаліён.
12 Першае гора прайшло; вось ідуць яшчэ два горы пасля гэтага.
13 І шосты Анёл затрубіў: і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога ахвярніка, што перад Богам,
14 і ён казаў шостаму Анёлу, які меў трубу: Вызвалі чатырох Анёлаў, звязаных на вялікай рацэ Еўфраце.
15 І былі вызвалены чатыры Анёлы, падрыхтаваныя на гадзіну і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэць людзей.
16 І лік коннага войска — два мірыяды мірыядаў; я пачуў іх лік.
17 І гэтак я ўбачыў у з’явенні коней і вершнікаў на іх, што мелі панцыры агністыя, і гіяцынтавыя, і серныя, і галовы коней — як галовы львоў, і з іх ратоў выходзіць агонь, і дым, і сера.
18 Гэтымі трыма напасцямі было забіта трэць людзей: агнём, і дымам, і серай, якія выходзілі з іх ратоў.
19 Бо ўлада коней — у іх ратах і ў іх хвастах; бо іх хвасты падобныя да змей і маюць галовы, і імі яны шкодзяць.
20 А астатнія з людзей, якія не былі забіты гэтымі напасцямі, нават не пакаяліся ва ўчынках сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і сярэбраным, і медным, і каменным, і драўляным, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць;
21 і яны не пакаяліся ні ў сваіх забойствах, ні ў сваіх чарадзействах, ні ў сваёй распусце, ні ў сваіх крадзяжах.

 

Откровение 9 глава в переводах