Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Царств 14 глава
1 І зразумеў Ёаў, сын Цэруі, што сэрца валадара прыхілілася да Абсалома.
2 І паслаў Ёаў у Тэкоа, і прывёў адтуль мудрую жанчыну, і сказаў ёй: «Удай, што ты ў жалобе і апраніся ў адзеньне жалобнае, і не намашчайся алеем, і будзеш як жанчына, якая шмат дзён у жалобе па памерлым.
3 І пойдзеш ты да валадара, і скажаш яму словы гэтыя». І ўлажыў Ёаў словы ў вусны ейныя.
4 І казала жанчына з Тэкоа валадару, і ўпала на аблічча сваё, і пакланілася яму, і сказала: «Дапамажы, валадару».
5 І сказаў ёй валадар: «Што табе?» Яна сказала: «Я — удава, а муж мой памёр.
6 І мела служка твая двух сыноў, і яны пасварыліся ў полі, і не было нікога, хто б іх разьвёў, і адзін ударыў другога, і той памёр.
7 І вось, уся сям’я паднялася супраць служкі тваёй, і сказалі: “Аддай забойцу брата, і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якога ён забіў. І зьнішчым спадкаемцу”. І яны затушаць зьнічку маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на абліччы зямлі».
8 І сказаў валадар жанчыне: «Вяртайся ў дом твой, а я загадаю адносна цябе».
9 І жанчына з Тэкоа сказала валадару: «На мне, гаспадару мой, валадар, віна і на доме бацькі майго, а валадар і пасад ягоны не вінаваты».
10 І сказаў валадар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне, і ён ужо ня будзе чапляцца да цябе».
11 І сказала яна: «Узгадай, валадару, на ГОСПАДА, Бога твайго, каб мсьціўца за кроў не павялічваў зьнішчэньне і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Як жывы ГОСПАД, не спадзе нават волас з галавы сына твайго на зямлю».
12 І сказала жанчына: «Ці можа служка твая прамовіць да гаспадара майго, валадара, слова?» Ён сказаў: «Кажы».
13 І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш рабіць супраць народу Божага? Бо калі валадар сказаў слова гэтае, ён абвінаваціў сябе, бо валадар не вяртае выгнанца свайго.
14 Бо сьмерцю мы памром, і мы быццам вада, разьлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць. Але Бог ня хоча загубіць душу, і Ён думае, каб ня быў на выгнаньні выгнанец.
15 І вось, я прыйшла сказаць гаспадару майму, валадару, слова гэтае, бо гэты народ палохае мяне. І сказала служка твая: “Скажу я валадару, можа, ён выканае слова служкі сваёй.
16 І выслухае валадар, каб вызваліць служку сваю з рукі таго, хто хоча зьнішчыць мяне і сына майго і пазбавіць спадчыны Божай”.
17 І сказала служка твая: “Няхай слова гаспадара майго, валадара, суцешыць мяне. Як анёл Божы гаспадар мой, валадар, які выслухае тое, што добрае, і тое, што ліхое”. Няхай ГОСПАД, Бог твой, будзе з табою!»
18 І адказаў валадар, і сказаў жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, пра што я цябе спытаю». І сказала жанчына: «Гавары, гаспадару мой, валадар».
19 І сказаў валадар: «Ці не рука Ёава з табой у-ва ўсіх гэтых словах?» І адказала жанчына, і сказала: «Як жывая душа твая, гаспадару мой, валадар! Нельга ўхіліцца ані ўправа, ані ўлева ад усяго, пра што кажа гаспадар мой, валадар. Бо слуга твой Ёаў загадаў мне, і ён улажыў у вусны служкі тваёй усе словы гэтыя.
20 Каб прыповесьцю зьмяніць выгляд гэтай справе, слуга твой Ёаў зрабіў гэта, але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што адбываецца на зямлі».
21 І сказаў валадар Ёаву: «Вось, калі ласка, зрабі гэтую справу, і ідзі, і прывядзі юнака Абсалома».
22 І Ёаў упаў на аблічча сваё на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў валадара, і сказаў Ёаў: «Сёньня даведаўся слуга твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, гаспадару мой, валадар, бо выканаў ты слова слугі твайго».
23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гешур, і прывёў Абсалома ў Ерусалім.
24 І сказаў валадар: «Няхай вернецца Абсалом у дом свой, але аблічча майго ён ня ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, але аблічча валадара ня ўбачыў.
25 А прыгажэйшага ад Абсалома не было нікога ў-ва ўсім Ізраілі, які так быў слаўны. Ад ног да галавы не было ў ім заганы.
26 А калі стрыг ён галаву сваю, а стрыг ён яе звычайна штогод, бо валасы былі цяжкія, і мусіў стрыгчыся, валасы галавы ягонай важылі дзьвесьце сыкляў вагі валадарскай.
27 І нарадзілася Абсалому тры сыны і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая.
28 І сядзеў Абсалом у Ерусаліме два гады, але аблічча валадара ня бачыў.
29 І паслаў Абсалом да Ёава, каб паслаў яго да валадара, але ён не хацеў прыйсьці да яго. І паслаў ён другі раз, але той не хацеў прыйсьці.
30 І сказаў ён слугам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаў побач з маім, і расьце на ім ячмень. Ідзіце і спаліце яго агнём». І слугі Абсалома спалілі поле агнём.
31 І ўстаў Ёаў, і прыйшоў у дом Абсалома, і сказаў: «Чаму слугі твае спалілі поле маё агнём?»
32 І сказаў Абсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў да цябе, кажучы: “Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да валадара, кажучы яму: "Навошта я вярнуўся з Гешуру? Лепш было мне там жыць"”. І цяпер дапамажымне ўбачыць аблічча валадара. Калі я ў чым вінаваты, няхай ён заб’е мяне».
33 І пайшоў Ёаў да валадара, і паведаміў яму гэта. І паклікаў ён Абсалома, і той прыйшоў да валадара, і ўпаў на аблічча сваё на зямлю перад абліччам валадара. І пацалаваў валадар Абсалома.
2 Царств 14 глава в переводах