Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Царств 9 глава
10 глава »
1 І сказаў Давід: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, бо я зьяўлю міласэрнасьць яму дзеля Ёнатана?»
2 А з дому Саўла застаўся адзін слуга на імя Цыва. І паклікалі яго да Давіда, і валадар сказаў яму: «Ці ты Цыва?» Ён сказаў: «Слуга твой».
3 І сказаў валадар: «Ці застаўся яшчэ хто з дому Саўла, каб я зьявіў яму міласэрнасьць Божую?» І сказаў Цыва валадару: «Яшчэ застаўся сын Ёнатана, хворы на ногі».
4 І сказаў яму валадар: «Дзе ён?» А Цыва сказаў валадару: «Вось, ён у доме Махіра, сына Аміэля, у Лёдэбары».
5 І валадар Давід паслаў па яго, і ўзяў яго з дому Махіра, сына Аміэля, з Лёдэбару.
6 І прыйшоў Мэфібашэт, сын Ёнатана, сына Саўла, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: «Мэфібашэт». Ён сказаў: «Вось слуга твой».
7 І сказаў яму Давід: «Ня бойся, бо я зьяўлю табе міласэрнасьць дзеля Ёнатана, бацькі твайго, і я зьвярну табе ўсе палі Саўла, бацькі твайго, і ты будзеш есьці хлеб са стала майго заўсёды».
8 І той пакланіўся, і сказаў: «Хто ж ёсьць слуга твой, што ты зьвярнуў увагу на здохлага сабаку, такога, як я».
9 І паклікаў валадар Цыву, слугу Саўла, і сказаў яму: «Усё тое, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я перадаю сыну гаспадара твайго.
10 І будзеш яму служыць на ральлі ты, і сыны твае, і слугі твае, і будзеш прынось плады, і будзе хлеб у сына гаспадара твайго, і ён будзе есьці яго. І Мэфібашэт, сын гаспадара твайго, будзе есьці заўсёды хлеб са стала майго». А Цыва меў пятнаццаць сыноў і дваццаць слугаў.
11 І сказаў Цыва валадару: «Як загадаў гаспадар мой, валадар, слузе твайму, так і зробіць слуга твой». І Мэфібашэт еў са стала Давіда, як адзін з сыноў валадара.
12 Мэфібашэт меў сына малога на імя Міха. І ўсе, што жылі ў доме Цывы, былі слугамі ў Мэфібашэта.
13 І жыў Мэфібашэт у Ерусаліме, бо ён заўсёды еў са стала валадарскага. А быў ён кульгавы на абедзьве нагі.

 

2 Царств 9 глава в переводах