Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
4 Царств 20 глава
21 глава »
1 У тыя дні Эзэкія захварэў сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом свой, бо ты памрэш і ня будзеш жыць”».
2 І Эзэкія адвярнуў аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА, кажучы:
3 «О, ГОСПАДЗЕ! Узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
4 І яшчэ ня выйшаў Ісая з унутранага панадворку, як было да яго слова ГОСПАДА, кажучы:
5 «Вярніся і скажы Эзэкіі, правадыру народу Майго: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю і ўбачыў сьлёзы твае. Вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты ўвойдзеш у Дом ГОСПАДА.
6 І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, і выратую з рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і Я абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
7 І сказаў Ісая: «Вазьміце аладку з фігаў». І ўзялі яе, і палажылі на скулу, і Эзэкія ачуняў.
8 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Які знак будзе, што ГОСПАД аздаровіць мяне і што на трэці дзень я ўвайду ў Дом ГОСПАДА?»
9 І сказаў Ісая: «Гэта будзе табе знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова, якое Ён прамовіў. Ці цень сонечны на гадзіньніку Ахаза мае прайсьці наперад на дзесяць прыступак, ці перайсьці назад на дзесяць прыступак?»
10 І сказаў Эзэкія: «Лёгка для ценю прайсьці наперад на дзесяць прыступак. Не, але няхай цень вернецца назад на дзесяць прыступак».
11 І клікаў прарок Ісая да ГОСПАДА, і Ён перасунуў цень на прыступках гадзіньніка Ахаза на дзесяць прыступак назад.
12 У той час Бэрадах-Баладан, сын Баладана, валадара Бабілону, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі, бо ён пачуў, што Эзэкія быў хворы.
13 І ўсьцешыўся з іх Эзэкія, і паказаў ім увесь дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, пахошчы каштоўны алей, збраёўню сваю і ўсё, што знаходзілася ў сховішчах ягоных. Не засталося рэчы, якой бы не паказаў ім Эзэкія ў доме сваім і ў-ва ўсёй дзяржаве сваёй.
14 І прыйшоў да валадара Эзэкіі прарок Ісая, і сказаў яму: «Што сказалі тыя людзі і адкуль яны прыйшлі да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З зямлі далёкай яны прыйшлі, з Бабілону».
15 І сказаў Ісая: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Эзэкія: «Усё, што ёсьць у доме маім, яны бачылі. Не было рэчы, якой я не паказаў бы ім у сховішчах маіх».
16 І сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова ГОСПАДА.
17 Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў доме тваім і што назьбіралі бацькі твае аж да гэтага дня, будзе забранае ў Бабілон, і не застанецца нічога, кажа ГОСПАД.
18 І сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і будуць яны эўнухамі ў палацы валадара Бабілону».
19 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова ГОСПАДА, якое ты прамовіў». І сказаў: «Будзе супакой і праўда ў дні мае».
20 А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і мужнасьць ягоная, і як ён зрабіў сажалку і канал і ўвёў ваду ў горад, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
21 І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасьля яго заваладарыў Манаса, сын ягоны.

 

4 Царств 20 глава в переводах