Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Исаия 24 глава
25 глава »
1 Вось, ГОСПАД пустошыць зямлю і нішчыць яе, і руйнуе аблічча ейнае, і жыхароў ейных расьцярушвае.
2 І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; што са слугою, тое і з гаспадаром ягоным; што са служкай, тое і з гаспадыняй ейнай; што з тым, хто купляе, тое і з тым, хто продае; што з тым, хто пазычае, тое і з тым, хто дае; што з вінаватым грошы, тое і з павернікам, які даў грошы яму.
3 Спусташэньнем будзе спустошана зямля і рабаваньнем разрабаваная, бо ГОСПАД прамовіў гэткае слова.
4 Высахла, зьвяла зямля, змарнеў і зьвяў сусьвет, змарнелі магнаты народу зямлі.
5 І зямля апаганеная жыхарамі ейнымі, бо яны парушылі Закон, не спаўнялі пастановаў, зламалі запавет вечны.
6 Дзеля гэтага праклён зьядае зямлю, і пакутуюць жыхары ейныя. Дзеля гэтага чэзнуць жыхары зямлі, і засталося няшмат людзей.
7 Сумуе маладое віно, вяне вінаграднік, уздыхаюць усе, якія радаваліся ў сэрцы сваім.
8 Заціхла вясёласьць бубнаў, змоўк гоман тых, якія весяляцца; заціхла вясёласьць гусьляў.
9 Ня п’юць са сьпевамі віна, згоркла сікера для тых, якія п’юць яе.
10 Зруйнаваны, спустошаны горад, зачынены ўсе дамы, нельга ўвайсьці ў іх.
11 Крык на вуліцах дзеля нястачы віна, зьнікла ўсякая радасьць, пайшла ў палон вясёласьць зямлі.
12 Засталася ў горадзе толькі пустэча, брама разьбітая ўшчэнт.
13 Бо станецца пасярод зямлі, паміж народаў так, як пры абтрасаньні алівак, як пры зьбіраньні рэштак, калі скончыўся збор вінаграду.
14 Яны падымуць голас свой, будуць выслаўляць веліч ГОСПАДА, будуць голасна клікаць ад мора.
15 Дзеля гэтага слаўце ГОСПАДА на ўсходзе, і на астравах марскіх — імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
16 З канцоў зямлі мы чуем сьпяваньне: «Слава Праведнаму!» Але я сказаў: «Я гіну, я гіну, гора мне! Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і, ліхадзейнічаючы, ліхадзеі ліхадзейнічаюць».
17 Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!
18 І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі.
19 Развальваючыся, развальваецца зямля, трушчачыся, трушчыцца зямля, дрыжучы, дрыжыць зямля.
20 Хістаючыся, хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, цяжарам для яе стаўся грэх ейны; яна ўпадзе і ня ўстане.
21 І станецца ў той дзень, ГОСПАД наведае войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;
22 і будуць яны зграмаджэньнем зграмаджаныя і ўвязьненыя ў яме, і будуць кінутыя ў вязьніцу, і праз шмат дзён будуць пакараныя.
23 І месяц пачырванее, і сонца засароміцца, бо заваладарыць ГОСПАД Магуцьцяў на гары Сыён і ў Ерусаліме, і перад старшынямі ягонымі будзе слава Ягоная.

 

Исаия 24 глава в переводах