Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Исаия 30 глава
31 глава »
1 Гора сынам непаслухмяным, кажа ГОСПАД. Вы ўчыняеце раду, але без Мяне, і заключаеце дамовы, але не паводле Духу Майго, каб дадаць грэх да грэху!
2 Ідучы, вы зыходзіце ў Эгіпет, і не пытаецеся вуснаў Маіх, каб умацавацца ў цьвярдыні фараона і схавацца ў ценю Эгіпту.
3 І станецца для вас сорамам цьвярдыня фараона, а хаваньне ў ценю Эгіпту — ганьбаю,
4 бо князі твае былі ў Цаане, і паслы твае дайшлі аж да Ханэсу,
5 і ўсе яны будуць асаромленыя, бо гэты народ ня будзе ім карысны, і не дапаможа ім, і ня дасьць прыбытку, але будзе ім на сорам і на ганьбу.
6 Цяжар адносна бегемоту паўднёвага. Праз зямлю гора і прыгнёту, адкуль ільвіца і леў, гадзюка і крылатая гадзіна, нясуць на сьпінах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў — скарбы свае да народу, які ім ня будзе карысным.
7 Эгіпет надарма і марна абяцае дапамогу. Дзеля гэтага Я назваў яго “Рагаў, які ні на што няздатны”.
8 Цяпер ідзі, напішы на табліцы для іх і запішы гэта ў кнізе, каб было гэта на дзень наступны, як сьведчаньне на вякі.
9 Бо народ гэты бунтаўнічы, сыны хлусьлівыя, сыны, якія ня хочуць слухаць Закон ГОСПАДА,
10 якія кажуць відушчым: «Ня мейце відзежаў!», а прадказальнікам: «Не прадказвайце нам гэтых рэчаў справядлівых, але кажыце нам тое, што нам падабаецца, прадказвайце нам прыемнае.
11 Саступіце з дарогі, зыйдзіце са сьцежкі, прыбярыце ад аблічча нашага Сьвятога Ізраіля».
12 Дзеля гэтага так кажа Сьвяты Ізраіля: «Дзеля таго, што вы пагардзілі словам гэтым, а спадзяецеся на крыўду і здраду, і на іх вы абапіраецеся,
13 беззаконьне гэтае станецца вам як вылом у муры, які мае ўпасьці, як схіленьне муру высокага, калі раптоўна ў момант прыходзіць падзеньне яго».
14 І Ён зруйнуе яго, як разьбіваецца гляк, зьлеплены з гліны, разьбіваючы без шкадаваньня, і ня знойдзецца ад яго чарапку, у які можна было б узяць вугалёк з вогнішча або зачэрпнуць вады са студні.
15 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД, Сьвяты Ізраіля: «Калі вы навернецеся і будзеце ў супакоі, будзеце збаўленыя, бо ў сьцішанасьці і спадзяваньні будзе сіла вашая». Але вы не захацелі.
16 І вы сказалі: «Не, бо мы на конях уцячэм». Таму будзеце ўцякаць. «На хуткіх калясьніцах паімчым». Таму будуць хуткімі тыя, якія пагоняцца за вамі.
17 Тысяча спалохаецца пагрозы аднаго, ад пагрозы пяцёх будзеце ўцякаць, аж застанецца рэшта ад вас як тронак на вяршыні гары і як знак на ўзгорку.
18 Дзеля гэтага чакае ГОСПАД, каб зьлітавацца над вамі, і дзеля гэтага Ён узьнімецца, каб зьлітавацца над вамі, бо ГОСПАД — Бог правасудзьдзя. Шчасьлівыя ўсе, якія на Яго спадзяюцца.
19 Бо ты, народ на Сыёне, які жывеш у Ерусаліме, ня будзеш плакаць, бо Ён зьлітуецца над табою на голас крыку твайго; як толькі пачуе, адкажа табе.
20 І дасьць табе Госпад хлеб у прыгнёце і ваду ў бядзе, і больш не адвернецца ад цябе настаўнік твой, і вочы твае будуць бачыць настаўніка твайго.
21 І вушы твае будуць чуць за сабой слова, якое кажа: «Вось шлях, ідзіце па ім», калі ты збочыш направа ці налева.
22 І ты будзеш лічыць нячыстым срэбнае пакрыцьцё балванаў тваіх і залатое адзеньне ідалаў тваіх. Выкінеш іх як брудную анучу, і скажаш: «Прэч».
23 І Ён дасьць дождж на насеньне тваё, якое ты пасеяў на палетку тваім, і хлеб ураджаю зямлі будзе сытны і пажыўны. У той дзень чарада твая будзе пасьвіцца на пашах шырокіх.
24 Валы твае і аслы, якія абрабляюць зямлю, будуць карміцца мяшанкай сакавітай, якую правеялі лапатай і веялкай.
25 І на кожнай гары высокай, і на кожным узгорку ўзвышаным будуць ручаі і струмяні вады ў дзень вялікага бою, калі ўпадуць вежы.
26 І будзе сьвятло месяца як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сямікроць ясьнейшае, чым сьвятло сямі дзён, у дзень, калі ГОСПАД перавяжа раны народу Свайго і загоіць сінякі ад удараў Сваіх.
27 Вось, імя ГОСПАДА прыходзіць здалёк, палае гнеў Ягоны і ўзьнімаецца цяжка, вусны Ягоныя поўныя абурэньня, а язык Ягоны — як агонь, які ўсё зьядае.
28 Подых Ягоны як паводка, вір якой дасягае шыі, каб прасеяць народы сітам загубы і ўкласьці цуглі ў пашчу народаў.
29 Сьпеў будзе ў вас як у ноч сьвяткаваньня ўрачыстасьці, і радасьць сэрца — як у таго, хто сьпяшаецца пры гуках жалейкі на гару ГОСПАДА да Скалы Ізраіля.
30 І ГОСПАД дасьць пачуць голас Свой магутны, і моц рамяна Свайго пакажа ў выбуху гневу і ў полымі агню, які ўсё зьядае, у буры і навальніцы, і ў градзе камянёў.
31 Бо ад голасу ГОСПАДА спалохаецца Асірыя і будзе дубцом пабітая.
32 І кожны ўдар кія будзе для яе карай, якую ГОСПАД спашле на яе пры граньні бубнаў і гусьляў; і Ён будзе змагацца з ёю ў баях зацятых.
33 Бо здаўна ўжо прыгатаваны Тафэт, таксама прызначаны для валадара, глыбокі і шырокі, вогнішча агню, і дрэва шмат; і подых ГОСПАДА, як струмень серкі, распаліць яго.

 

Исаия 30 глава в переводах