Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Иезекииль 1 глава
1 І сталася ў трыццатым годзе, у чацьвёртым месяцы, у пятым дні месяца, і я стаяў сярод выгнанцаў над ракою Кевар. Адкрыліся нябёсы, і я бачыў відзеж Божы.
2 У пяты дзень месяца, а гэта быў пяты год палону валадара Егаякіма,
3 было слова ГОСПАДА да Эзэкіэля, сына Бузі, сьвятара, у зямлі Халдэйцаў над ракою Кевар. І была там над ім рука ГОСПАДА.
4 І я ўбачыў, і вось, вецер гвалтоўны прыйшоў з поўначы, і хмара вялікая, і агонь палючы, і зьзяньне кругом, а ў сярэдзіне ягонай — нібыта бурштын, які зьзяе ў сярэдзіне агню.
5 А ў сярэдзіне ягонай было падабенства чатырох істотаў жывых; і мелі яны выгляд чалавека.
6 І кожная мела чатыры абліччы, і кожная мела чатыры крылы.
7 Ногі іхнія — ногі простыя, а стопы ног іхніх — як стопы ног цяляці; і блішчэлі яны, як медзь блішчастая.
8 Пад крыламі іхнімі былі рукі людзкія па чатырох баках іхніх. Абліччы і крылы былі ў-ва ўсіх чатырох.
9 І крылы іхнія прылягалі адны да другіх, і яны не адварочваліся, калі ішлі; кожная істота ішла проста перад абліччам сваім.
10 Абліччы іхнія выглядалі як аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку чатырох істотаў, і як аблічча вала з левага боку чатырох істотаў, і як аблічча арла ў чатырох істотаў.
11 Абліччы іхнія і крылы іхнія былі скіраваныя ўгару, два крылы прылягалі адзін да аднаго, а два акрывалі целы іхнія.
12 І кожная істота ішла проста перад аблічча сваё, яны ішлі туды, куды іх Дух вёў, і ідучы, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
13 А выгляд тых істотаў жывых — быццам гарачыя вуглі распаленыя, падобныя да паходняў, якія рухаюцца між тымі істотамі жывымі. Агонь зьзяў, і з агню выходзілі маланкі.
14 І істоты жывыя ішлі і варочаліся назад, нібы маланкі.
15 І я бачыў тыя істоты жывыя, а вось, адно кола на зямлі пры кожнай з тых чатырох істотаў жывых.
16 Выгляд тых колаў і выраб іхні — як выгляд хрызаліту, і ўсе чатыры мелі той самы выгляд, і выгляд іхні і выраб, нібыта адно кола было ў другім.
17 Яны ішлі ў хадзе сваёй на чатыры бакі; а калі ішлі, не адварочваліся ў хадзе сваёй.
18 Абруч іхні быў велізарны; і выгляд іх і абручоў іхніх у-ва ўсіх чатырох быў поўны вачэй кругом.
19 А калі ішлі гэтыя істоты жывыя, ішлі колы іхнія разам з імі. Калі істоты падымаліся з зямлі, падымаліся таксама колы.
20 Куды кіраваў іх Дух, каб ішлі, яны ішлі туды, куды Дух хацеў ісьці, і колы падымаліся з імі, бо дух істоты жывой быў у колах.
21 Калі рухаліся істоты, рухаліся колы, а калі спыняліся, і колы спыняліся; калі яны падымаліся з зямлі, і колы падымаліся, бо дух істотаў жывых быў у колах.
22 Над галовамі гэтых істотаў жывых было штосьці, быццам прасьцяг неба, быццам крышталь, які ірдзее, раскінуты над галовамі іхнімі ўгары.
23 А пад прасьцягам былі ўзьнятыя крылы іхнія, адно побач другога; і кожная істота мела па два крылы, якімі закрывалі целы свае.
24 Калі яны ішлі, чуўся шум крылаў іхніх, як шум мноства водаў, як голас Усемагутнага, голас гоману, як гармідар табару вайсковага; а калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
25 І быў голас па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі. А калі яны спыняліся, крылы мелі апушчаныя.
26 А па-над прасьцягам, які быў над галовамі іхнімі, было штосьці, падобнае да пасаду, што мела выгляд камяня шафіру, і на тым падабенстве пасаду — быццам постаць чалавека на ім угары.
27 І ўбачыў я нібыта бляск бурштыну і нібыта выгляд агню ўнутры яго наўкола, пачынаючы ад таго, што выглядала як сьцёгны, і вышэй. А ўніз ад таго, што выглядала як сьцёгны, бачыў я штосьці, як агонь, і бляск вакол яго.
28 Як зьяўленьне вясёлкі на воблаках у дзень дажджлівы, такі быў выгляд бляску таго наўкола. Ён меў выгляд, падобны да славы ГОСПАДА. І я ўбачыў яе, і ўпаў на аблічча маё, і пачуў голас, які прамаўляў.
Иезекииль 1 глава в переводах