Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Иезекииль 14 глава
15 глава »
1 І прыйшлі да мяне некаторыя са старшыняў Ізраіля, і селі перад абліччам маім.
2 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
3 «Сыне чалавечы, гэтыя людзі ўвялі ў сэрцы свае ідалаў сваіх і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга. Ці ж пытаючыся, будуць пытацца ў Мяне парады?
4 Дзеля гэтага прамовіш да іх і скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Кожны чалавек з дому Ізраіля, які ўвёў ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіў перад аблічча сваё тое, што было прычынаю грэху ягонага, і прыйдзе да прарока, Я, ГОСПАД, адкажу яму адпаведна да ліку ідалаў ягоных,
5 каб выявіць намеры сэрца дому Ізраіля, які адвярнуўся ад Мяне з прычыны ўсіх ідалаў сваіх”.
6 Дзеля гэтага скажы дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад ідалаў вашых, і ад усіх брыдотаў вашых адвярніце абліччы вашыя.
7 Бо кожнаму чалавеку з дому Ізраіля і прыхадню, які пасяліўся ў Ізраілі, якія адвярнуліся ад Мяне, і ўвялі ў сэрца сваё ідалаў сваіх, і паставілі перад абліччам сваім тое, што было прычынаю грэху іхняга, і прыйшлі да прарока, каб праз яго спытацца ў Мяне парады, Я, ГОСПАД, адкажу яму.
8 І Я зьвярну аблічча Маё супраць чалавека таго, і зраблю яго знакам і прыказкай, і вынішчу яго з народу Майго, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
9 А калі б прарок дазволіў сабе ашукацца і прамовіў слова, Я, ГОСПАД, вазьму прарока таго, і выцягну руку Маю супраць яго, і зьнішчу яго спаміж народу Майго, Ізраіля.
10 І яны панясуць беззаконьні свае! Беззаконьне прарока будзе такім, як і таго, які ў яго пытаўся,
11 каб дом Ізраіля не адыходзіўся больш ад Мяне і не паганіўся больш ніякімі бунтамі сваімі. І будуць яны для Мяне народам, а Я буду для іх Богам, кажа Госпад ГОСПАД”».
12 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
13 «Сыне чалавечы, калі якая зямля саграшыць супраць Мяне нявернасьцю, Я выцягну руку Маю супраць яе і зламлю падпору хлеба, і спашлю на яе голад, і вынішчу на ёй чалавека і быдла.
14 І калі будуць тры чалавекі праведныя пасярод яе: Ной, Данііл і Ёў, яны дзеля праведнасьці сваёй захаваюць толькі жыцьцё сваё, кажа Госпад ГОСПАД.
15 Калі Я прывяду дзікіх зьвяроў на зямлю гэтую і зраблю яе бясплоднай, і станецца яна пусткаю, каб ніхто акрамя дзікіх зьвяроў не праходзіў там,
16 і калі пасярод яе будуць тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, яны захаваюць толькі саміх сябе, а зямля станецца пусткаю.
17 Або калі Я прывяду меч на зямлю гэтую і скажу: “Няхай меч пройдзе праз зямлю гэтую, і зьнішчыць на ёй чалавека і быдла”,
18 і калі будуць пасярод яе тры чалавекі гэтыя, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але захаваюць толькі саміх сябе.
19 Або калі Я спашлю заразу на зямлю гэтую і ў крыві выльлю гнеў Мой на яе, каб зьнішчыць на ёй чалавека і быдла,
20 і калі Ной, Данііл і Ёў будуць пасярод яе, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не захаваюць яны ані сыноў, ані дачок, але дзеля праведнасьці сваёй яны захаваюць толькі душу сваю.
21 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Нават калі Я прывяду на Ерусалім гэтыя чатыры зьнішчальныя плягі Мае: меч, голад, дзікіх зьвяроў і заразу, каб зьнішчыць у ім чалавека і быдла,
22 вось, яшчэ застануцца захаваныя сыны і дочкі, якіх выведуць з яго. Вось, яны прыйдуць да вас, і вы ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і будзеце мець пацяшэньне пасьля ліха, якое Я прывёў на Ерусалім, пасьля ўсяго, што Я прывёў на яго.
23 І яны пацешаць вас, калі ўбачыце шляхі іхнія і ўчынкі іхнія, і даведаецеся, што не без падставаў было ўсё гэта, што Я яму зрабіў, кажа Госпад ГОСПАД”».

 

Иезекииль 14 глава в переводах