Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Иезекииль 7 глава
1 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
2 «А ты, сыне чалавечы, слухай. Гэта кажа Госпад ГОСПАД да зямлі Ізраіля. Канец прыходзіць, канец для чатырох краёў зямлі.
3 Цяпер прыходзіць канец на цябе. І Я пашлю гнеў Мой супраць цябе, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і залічу табе ўсе брыдоты твае.
4 І не пашкадуе цябе вока Маё, і ня зьлітуюся, але ўскладу на цябе шляхі твае, і брыдоты твае стануць пасярод цябе, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
5 Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, надыходзіць адно ліха, за ім другое ліха”.
6 Прыходзіць канец, прыходзіць канец. Канец для цябе. Вось, ён прыйшоў.
7 Прыйшла доля твая, жыхару зямлі. Надыйшоў час. Блізкі дзень гора, і няма крыку радасьці на гарах.
8 Цяпер Я выльлю неўзабаве лютасьць Маю на цябе, заспакою гнеў Мой на табе. І Я асуджу цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе брыдоты твае.
9 І ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадуе, паводле шляхоў тваіх ускладу на цябе адплату, і брыдоты твае будуць выяўлены пасярод цябе, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Які карае.
10 Вось, дзень гэты, вось, ён прыходзіць. Выйшла доля твая, заквітнеў кій, запанавала пыха,
11 падняўся гвалт і стаўся кіем бязбожнасьці. Нічога з іх не застанецца, нічога з багацьцяў іхніх, нічога з гоману іхняга, нічога з узьнёсласьці іхняй.
12 Прыходзіць час, набліжаецца дзень. Хто купляе, няхай ня цешыцца, і хто продае, няхай не сумуе, бо надыходзіць лютасьць на ўсю грамаду ягоную.
13 Бо той, хто продае, да праданага ня вернецца, нават калі застанецца пры жыцьці, бо відзеж пра грамаду іхнюю ня будзе адменены і ніхто ў беззаконьні сваім не ўтрымае жыцьцё сваё.
14 Трубіце ў трубы, падрыхтуйцеся ўсе, але няма нікога, хто б ішоў ваяваць; бо гнеў Мой — на ўсю грамаду ягоную.
15 Меч звонку, а зараза і голад у сярэдзіне. Хто на полі, той загіне ад мяча, а хто ў горадзе, таго голад і зараза загубіць.
16 І ўратуюцца тыя, што ўцяклі, і будуць на гарах як галубы з даліны, будуць стагнаць кожны дзеля беззаконьня свайго.
17 Усе рукі памлеюць, і ўсе калені задрыжаць, як вада.
18 І падпярэжуцца яны зрэбніцай, і апануе іх страх, і на ўсіх абліччах будзе сорам, і на ўсіх галовах іхніх — лысіна.
19 Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцу, а золата іхняе станецца як сьмецьце. Срэбра іхняе і золата іхняе ня змогуць уратаваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, бо душы сваёй ім не насыцяць, і нутро сваё не напоўняць, бо яно было для іх прычынай беззаконьня іхняга.
20 Аздобныя ўпрыгожваньні іхнія напоўнілі іх пыхлівасьцю, і з іх яны зрабілі брыдоты свае, ідалапаклонства сваё ўчынілі з іх. Таму Я замяню іх у нячыстасьць для іх,
21 і аддам іх у рукі чужынцаў на здабычу, бязбожным зямлі — на рабаваньне, і яны зьняславяць іх.
22 І Я адвярну ад іх аблічча Маё, і скарб Мой будзе зьняслаўлены. І ўвойдуць да яго рабаўнікі, і зьняславяць яго.
23 Зрабі сабе ланцугі; бо зямля поўная судоў крывавых, а горад поўны гвалту.
24 І Я прывяду жахлівыя народы, і яны возьмуць дамы іхнія. І Я спыню пыхлівасьць вяльможных, і будуць апаганеныя сьвятыні іхнія.
25 Жах надыходзіць. І будуць яны шукаць супакою, і ня будзе яго.
26 Бяда за бядою прыходзяць, вестка за весткай ідуць. І будуць шукаць відзежу ў прарока, і ня будзе Закону ў сьвятара, і ня будзе рады ў старшыняў.
27 Валадар будзе ў жалобе, князь перапоўніцца замяшаньнем, і рукі народу зямлі гэтай будуць дрыжаць. Я зраблю ім паводле шляхоў іхніх і паводле судоў іхніх буду судзіць іх. І даведаюцца, што Я — ГОСПАД».
Иезекииль 7 глава в переводах