Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Даниил 12 глава
1 І ў той час паўстане Міхаэль, князь вялікі, які стаіць пры сынах народу твайго; і будзе час нядолі, якога не было ад таго часу, як існуе народ, аж да гэтага часу; і ў гэты час уцячэ ад загубы народ твой, кожны, хто будзе знойдзены запісаным у кнізе.
2 І шмат тых, якія сьпяць у пыле зямлі, абудзяцца, адны — да жыцьця вечнага, а іншыя — на ганьбу, на грэбаваньне вечнае.
3 І разумныя будуць зьзяць сьвяцілы на прасьцягу неба, і тыя, якія прывялі да праведнасьці шматлікіх — як зоркі, на вякі вечныя.
4 А ты, Данііле, замкні словы гэтыя і запячатай кнігу аж да часу канца. Шмат хто будзе кружляць па ёй, і памножыцца веданьне».
5 І паглядзеў я, Данііл, і вось, іншыя два мужы стаяць, адзін — на гэтым беразе ракі, а другі — на тым беразе ракі.
6 І я сказаў мужу, апранутаму ў ільняныя шаты, які быў над водамі ракі: «Калі будзе канец гэтым цудоўным рэчам?»
7 І я пачуў мужа, апранутага ў ільняныя шаты, які быў над водамі ракі. І ён падняў правіцу сваю і лявіцу сваю да неба, і прысягнуў на Таго, Які жыве вечна, што міне час вызначаны, часы і палова вызначанага часу, і калі скончыцца разьбіваньне сілы рукі народу сьвятога, тады зьдзейсьніцца ўсё гэта.
8 І я пачуў, але не зразумеў, і я сказаў: «Пане мой! Які канец гэтага ўсяго?»
9 І ён сказаў: «Ідзі, Данііле, бо замкнёныя і запячатаныя словы гэтыя аж да часу канца.
10 Будуць ачышчаныя і выбеленыя, і выспрабаваныя шматлікія, і бязбожнікі будуць рабіць бязбожна, і не зразумее гэтага ніхто з бязбожнікаў, а разумныя зразумеюць.
11 І ад часу, калі будзе спынена заўсёдная ахвяра і пастаўленая агіда спусташэньня, міне тысяча дзьвесьце дзевяноста дзён.
12 Шчасьлівы той, хто чакае і дасягне тысяча трыццаці пяці дзён.
13 А ты ідзі да канца, і супачынеш, і паўстанеш для атрыманьня часткі сваёй у канцы дзён».
Даниил 12 глава в переводах