Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Даниил 4 глава
1 Я, Навухаданосар, быў у супакоі ў доме маім і шчасьлівы ў палацы маім.
2 Я бачыў сон, і ён напалохаў мяне, і думкі на ложку маім, і відзежы галавы маёй устрывожылі мяне.
3 І ад мяне быў выдадзены загад прывесьці да мяне ўсіх мудрацоў Бабілонскіх, каб яны маглі патлумачыць мне значэньне сну.
4 Тады прыйшлі чараўнікі, астролягі, Халдэі і варажбіты, і я расказаў перад імі сон, але яны не патлумачылі мне значэньне ягонае.
5 І ў канцы прыйшоў да мяне Данііл, якога імя Бэльтэшацар паводле імя бога майго і ў якім Дух Сьвятога Бога, і я расказаў перад ім сон:
6 “Бэльтэшацар, начальнік чараўнікоў! Я ведаю, што ў табе Дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая для цябе. Раскажы мне відзеж сну майго, які я бачыў, і значэньне ягонае.
7 А відзеж галавы маёй на ложку маім такі: я бачыў, вось, пасярод зямлі дрэва, і вышыня ягоная вялікая.
8 Дрэва вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно аж да канца ўсёй зямлі.
9 Лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і для ўсіх ёсьць ежа на ім; пад ім мелі цень зьвяры палявыя, а ў галінах ягоных жылі птушкі нябесныя, і ад яго жывілася кожнае цела.
10 Я бачыў у відзежах галавы маёй на ложку маім, і вось, Вартаўнік Сьвяты зыйшоў з неба.
11 Ён голасна клікаў і гэтак сказаў: “Сьсячыце дрэва і абсячыце галіны ягоныя, абтрасіце лісьце ягонае і рассыпце плады ягоныя. Няхай зьвяры зыйдуць з-пад яго, птушкі нябесныя — з галінаў ягоных.
12 Але пень каранёў ягоных пакіньце ў зямлі ў ланцугах мядзяных сярод зеляніны палявой. І няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі частка ягоная ў траве зямлі.
13 Сэрца чалавечае няхай заменяць у яго, і сэрца жывёлы няхай дадуць яму, і сем пораў няхай праміне пад ім.
14 Паводле пастановы Вартаўнікоў загад гэты, і паводле слова Сьвятых вырак гэты, каб ведалі ўсе жывыя, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і найніжэйшага з людзей ставіць над ім”.
15 Гэты сон бачыў я, валадар Навухаданосар. А ты, Бэльтэшацар, раскажы значэньне ягонае, бо ўсе мудрацы валадарства майго не маглі патлумачыць мне значэньне, а ты можаш, бо Дух Сьвятога Бога ў табе”.
16 Тады Данііл, якога імя Бэльтэшацар, аслупянеў на адзін момант, і думкі ягоныя ўстрывожылі яго. Адказаў валадар і сказаў: “Бэльтэшацар, сон альбо значэньне ягонае няхай не трывожыць цябе”. Адказаў Бэльтэшацар і сказаў: “Пане мой, пане мой, няхай сон гэты будзе тым, якія ненавідзяць цябе, і значэньне ягонае — для ворагаў тваіх.
17 Дрэва, якое ты бачыў, якое вырасла і было моцнае, і вышыня ягоная дасягала неба, і было відаць яно на ўсёй зямлі,
18 і лісьце ягонае прыгожае, і пладоў ягоных шмат, і ежа для ўсіх ёсьць на ім, пад ім жылі зьвяры палявыя, і ў галінах ягоных птушкі нябесныя сяліліся, —
19 гэта ты, валадару, які вырас і стаў магутным, і вялікасьць твая вырасла і дасягнула неба, і ўлада твая — да канца зямлі.
20 А што валадар бачыў Вартаўніка Сьвятога, Які зыйшоў з неба і сказаў: “Сьсячыце дрэва гэтае і зьнішчыце яго, але пакіньце пень каранёў ягоных у зямлі ў ланцугах жалезных і мядзяных сярод зеляніны палявой, і няхай раса нябесная мочыць яго, і са зьвярамі палявымі частка ягоная, аж пакуль сем пораў праміне над ім,” —
21 вось значэньне, валадару, і вось пастанова Найвышэйшага, якая прыйдзе на пана майго, валадара.
22 І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і будзе раса нябесная мачыць цябе, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча.
23 А што сказалі пакінуць пень каранёў дрэва, азначае, што валадарства тваё застанецца пры табе аж пакуль ты даведаешся, што пануе неба над табою.
24 Дзеля гэтага, валадару, няхай рада мая будзе даспадобы табе, і скасуй грэх твой праведнасьцю, а правіны твае — міласэрнасьцю да бедных. Можа, гэтым ты прадоўжыш дабрабыт твой”.
25 Усё гэта прыйшло на Навухаданосара валадара.
26 Напрыканцы дванаццаці месяцаў, шпацыруючы па палацы валадарскім у Бабілоне,
27 адказаў валадар і сказаў: “Хіба не вялікі гэты Бабілон, які я пабудаваў як дом валадарства моцаю сілы маёй дзеля славы і велічы маёй?”
28 Калі яшчэ слова было ў вуснах валадара, голас з неба зыйшоў: “Табе кажуць, Навухаданосар валадар! Валадарства адыйшло ад цябе.
29 І выганяць цябе ад людзей, і са зьвярамі палявымі будзе жытло тваё, і будуць даваць табе есьці траву, як валам, і сем пораў праміне над табою, пакуль ты даведаешся, што Найвышэйшы пануе над валадарствам чалавечым і дае яго, каму хоча”.
30 У той жа момант слова споўнілася над Навухаданосарам, і ён быў выгнаны ад людзей, і еў траву, як вол, і раса нябесная мачыла цела ягонае, ажно валасы ягоныя вырасьлі як пер’е арла, і пазногці ягоныя — як кіпцюры птушак.
31 І калі скончыліся дні гэтыя я, Навухаданосар, узьняў вочы мае да неба, і розум мой вярнуўся да мяне, і я дабраславіў Найвышэйшага, выхваляў і ўславіў Таго, Які жыве на вякі, бо ўлада Ягоная — улада вечная, і валадарства Ягонае — з пакаленьня ў пакаленьне,
32 і ўсе жыхары зямлі нічога ня значаць, а Ён дзейнічае паводле волі Сваёй сярод войска нябеснага і сярод жыхароў зямлі; і ніхто ня можа стрымаць руку Ягоную і сказаць Яму: “Што Ты робіш?”
33 У той час розум мой вярнуўся да мяне, і слава валадарства майго, веліч мая і выгляд мой вярнуліся да мяне. І раднікі мае, і магнаты мае шукалі мяне, і я ўмацаваўся на валадарстве сваім, і маестат яшчэ большы быў дадзены мне.
34 Цяпер я, Навухаданосар, выхваляю, вывышаю і слаўлю Валадара Нябеснага, бо ўсе ўчынкі Ягоныя — праўда, і шлях Ягоны — правасудзьдзе, Ён можа панізіць тых, якія ходзяць пыхліва».
Даниил 4 глава в переводах