Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Осия 9 глава
10 глава »
1 Не весяліся, Ізраіль, ня радуйся, як іншыя народы, бо ты распусьнічаеш супраць Бога твайго, ты палюбіў плату распусьніцы на кожным току збожжа.
2 Ток і тоўчня ня будуць жывіць іх, і віно ашукае іх.
3 Ня будуць яны жыць у зямлі ГОСПАДА, і вернецца Эфраім у Эгіпет, і ў Асірыі яны будуць есьці нячыстае.
4 Ня будуць яны выліваць віно для ГОСПАДА, і ня будуць Яму прыемныя ахвяры іхнія. Гэта будзе для іх як хлеб жалобы; усе, хто будуць есьці яго, будуць нячыстыя. Бо хлеб іхні за душы іхнія ня ўвойдзе ў Дом ГОСПАДА.
5 Што будзеце рабіць у дзень сходу і ў дзень сьвята ГОСПАДА?
6 Бо вось, прыйдуць яны з прычыны зьнішчэньня. Эгіпет зьбярэ іх, Мэмфіс іх пахавае, каштоўнае срэбра іхняе атрымае ў спадчыну крапіва, церні будуць у намётах іхніх.
7 Прыйдуць дні наведваньня, прыйдуць дні адплаты. Ізраіль даведаецца, што прарок здурнеў, і ашалеў чалавек духа з прычыны мноства беззаконьня твайго і вялікай варожасьці да Бога.
8 Прарок, які быў вартаўніком Эфраіма пры Богу маім, стаўся пасткай птушкалова на ўсіх шляхах ягоных; варожасьць у доме бога ягонага.
9 Сапсуліся да глыбіні, як у дні Гівы. Бог будзе памятаць пра беззаконьне іхняе, пакарае за грахі іхнія.
10 Я знайшоў Ізраіля як вінаград у пустыні, як першую фігу на дрэве фігавым на пачатку ўраджаю яго Я ўбачыў бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэора і прысьвяцілі сябе сораму, і былі агіднымі ў тым, што яны любілі.
11 Слава Эфраіма, як птушка, адляцела; ня будзе ані нараджэньня, ані ўлоньня, ані зачацьця.
12 Бо нават калі выгадуюць сыноў сваіх, Я забяру ў іх чалавека. Гора ім, бо Я адступлюся ад іх!
13 Эфраім, як Я бачыў, падобны да Тыру, пасаджаны на месцы прыемным, але Эфраім вядзе на забіцьцё сыноў сваіх.
14 «Дай ім, ГОСПАДЗЕ, што хочаш даць! Дай ім улоньне бясплоднае і грудзі ссохлыя!»
15 Уся нягоднасьць іхняя ў Гільгале, бо там Я зьненавідзеў іх. З прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх выганю іх з Дому Майго, ня буду больш любіць іх. Усе князі іхнія — бунтаўнікі.
16 Павалены Эфраім, корань іхні ссох, ён ня дасьць плоду. А нават калі народзяць, Я заб’ю ўлюбёных улоньня іхняга.
17 Адкіне іх Бог мой, бо яны ня слухалі Яго, і будуць яны ўцекачамі паміж народамі.

 

Осия 9 глава в переводах