Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Наум 2 глава
1 Узыходзіць разбуральнік перад аблічча тваё, Нініва! Захоўвай умацаваньні, паглядай на дарогу, умацоўвай сьцёгны, зьбяры сілы свае,
2 бо вярнуў ГОСПАД веліч Якуба і веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташыцелі і панішчылі вінаградныя галіны іхнія.
3 Шчыты волатаў ягоных чырвоныя, ваяры апрануты ў кармазын, калясьніцы блішчаць агнём у дзень падрыхтоўкі да бітвы, і як кіпарысы хістаюцца дзіды.
4 Па вуліцах шалёна імчаць калясьніцы і грукочуць на плошчах; выгляд іхні — полымя паходні, ляцяць яны як бліскавіцы.
5 Нініва ўзгадае пра слаўных сваіх, але яны спатыкнуцца ў хадзе сваёй; яны сьпяшаюцца на муры ейныя, але ўжо стаіць аблога.
6 Брамы рэкаў адчыняцца, і палац растопіцца.
7 І пастаноўлена: яна будзе аголеная, выведзеная ў палон, і нявольніцы ейныя будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі.
8 І Нініва — як сажалка водаў ад пачатку дзён сваіх, і вось, яны ўцякаюць. “Стойце, стойце!”, але ніхто не заварочвае.
9 Рабуйце срэбра, рабуйце золата, бо няма канца назапашанаму і славе ўсіх рэчаў каштоўных.
10 Нініва апусьцелая, спустошаная і спляжаная, і сэрца растала, і калені калоцяцца, і боль у-ва ўсіх сьцёгнах, і абліччы ўсіх счарнелі.
11 Дзе сяліба ільвоў, і дзе жыруюць ільвяняты? Дзе хадзіў леў і ільвіца? Там жыў леў і ніхто не трывожыў яго.
12 Леў разьдзіраў здабычу для ільвянятаў сваіх і душыў для ільвіцаў сваіх, і напоўніў здабычай пячоры свае і логавішчы свае — разьдзёртым.
13 Вось, Я супраць цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я спалю сярод дыму калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянятаў тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і ня будзе больш чуваць голас паслоў тваіх.
Наум 2 глава в переводах