Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Аввакум 1 глава
2 глава »
1 Цяжар, які бачыў Абакум прарок.
2 Як доўга, ГОСПАДЗЕ, я буду галасіць і Ты ня будзеш чуць? Я крычу да Цябе: “Гвалт!”, а Ты не збаўляеш.
3 Дзеля чаго Ты паказваеш мне няправасьць і глядзіш на нядолю? Злачынствы і гвалт перада мною, і пачынаецца спрэчка, і ўзьнімаецца сварка.
4 Дзеля гэтага ня дзейнічае Закон, і ніколі ня мае моцы суд. Бязбожнікі абступілі праведніка, і таму суд выходзіць скрыўленым.
5 «Паглядзіце на народы і прыгледзьцеся, і зьдзіўленьнем зьдзівіцеся, бо Я зраблю справу ў дні вашыя, што не паверыце, калі вам раскажуць пра яе.
6 Бо, вось, Я ўзьніму Халдэйцаў, народ горкі і хуткі, які праходзіць па прасторы зямлі, каб узяць у спадчыну сялібы не свае.
7 Страшны і грозны ён; ад яго самога выходзіць суд ягоны і годнасьць ягоная.
8 Шпарчэйшыя за леапардаў коні ягоныя і небясьпечнейшыя за ваўкоў вечаровых; і расьсеюцца шырока вершнікі ягоныя, і вершнікі ягоныя прыйдуць здалёк, палятуць, як арол, які кідаецца на здабычу.
9 Усе яны прыходзяць чыніць гвалт; абліччы іхнія зьвернутыя, як вецер усходні, і яны зьбіраюць палонных як пяску.
10 І з валадароў яны насьміхаюцца, і князі будуць посьмехам для іх; з усіх замкаў яны сьмяюцца, бо насыпаюць вал, і здабываюць іх.
11 Тады зьменіцца дух ягоны, і ён прыйдзе, і будзе абвінавачаны, бо сіла ягоная — гэта бог ягоны».
12 Ці ня Ты спрадвеку, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Сьвяты мой? Мы не памром. ГОСПАДЗЕ, Ты паставіў яго на суд. Скала мая, Ты прызначыў яго дзеля пакараньня.
13 Чыстыя вочы Твае, каб глядзець на зло, і Ты ня можаш глядзець на нядолю. Чаму Ты глядзіш на адступнікаў, маўчыш, калі бязбожнік глытае таго, хто больш праведны за яго?
14 І Ты робіш, што людзі — як рыба ў моры, як паўзуны; няма пана над імі.
15 Вораг выцягвае ўсіх іх вудаю, загортвае іх у нерат свой і зьбірае іх у трыгубіцу сваю; з гэтага цешыцца і весяліцца.
16 Дзеля гэтага ён складае ахвяру нерату свайму і кадзіць трыгубіцы сваёй, бо праз іх тлустая частка ягоная і сытая ежа ягоная.
17 Ці ж дзеля гэтага ён закідвае нерат свой і заўсёды забівае народы бяз літасьці?

 

Аввакум 1 глава в переводах