Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Захария 13 глава
1 У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і для жыхароў Ерусаліму дзеля абмыцьця грэху і нячыстасьці.
2 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вынішчу імёны ідалаў з зямлі, і ня будуць іх болей узгадваць, і таксама прарокаў фальшывых і духа нячыстага Я выганю з зямлі.
3 І станецца, калі нехта будзе яшчэ прарочыць хлусьліва, тады бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, скажуць яму: «Ты ня маеш жыць, бо ты гаворыш хлусьню ў імя ГОСПАДА»; і праб’юць яго мячом бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, за тое, што ён хлусьню прарочыць.
4 І станецца ў той дзень, што засаромеюцца прарокі, кожны за відзеж свой, калі прарочылі яны, і ня будуць апранаць кажух касматы, каб ашукваць.
5 І скажа ён: «Я — не прарок, я — чалавек, які абрабляе зямлю, бо зямля — набытак мой з маладосьці маёй».
6 І скажуць яму: «Што гэта за раны на руках тваіх?» І ён скажа: «Паранілі мяне ў доме тых, якія любяць мяне».
7 Абудзіся, меч, на Пастыра Майго і на Мужа, Які блізкі Мне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Удар пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я павярну руку Маю на ягнятак.
8 І станецца на ўсёй зямлі, кажа ГОСПАД, што дзьве часткі на ёй будуць вынішчаны, загінуць, а трэцяя частка застанецца на ёй.
9 І Я правяду гэтую трэцюю частку праз агонь, і ачышчу іх, як ачышчаюць срэбра, і выспрабую іх, як выпрабоўваюць золата. Ён будзе клікаць імя Маё, і Я адкажу яму і скажу: «Гэта народ Мой», і ён скажа: «ГОСПАД — гэта Бог мой!»
Захария 13 глава в переводах