Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Числа 1 глава
1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея ў пустыні Сынай у Намёце Спатканьня ў першы дзень другога месяца, у другім годзе пасьля выхаду з Эгіпту, кажучы:
2 «Пералічыце ўсю грамаду сыноў Ізраіля паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, усіх мужчынаў паводле імёнаў па галовах.
3 Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ў Ізраілі палічыце паводле дружынаў іхніх ты і Аарон.
4 З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў сваіх.
5 Вось імёны тых мужоў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура,
6 для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая,
7 для Юды — Нахшон, сын Амінадава,
8 для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара,
9 для Завулёна — Эліяў, сын Гэлёна,
10 для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура;
11 для Бэн’яміна — Абідан, сын Гідэоні,
12 для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая,
13 для Асэра — Пагіэль, сын Акрана,
14 для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля,
15 для Нэфталі — Ахіра, сын Энана».
16 Гэтыя пакліканыя з усёй грамады, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраіля.
17 Іх узяў Майсей і Аарон, тых мужоў, якія былі паіменна названыя.
18 У першы дзень другога месяца сабралі яны ўсю грамаду дзеля сьпісу іх паходжаньня паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.
19 Як загадаў ГОСПАД Майсею, быў зроблены перапіс у пустыні Сынай.
20 Сыноў Рубэна, першароднага Ізраіля, паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
21 тых, якіх палічылі з пакаленьня Рубэна, было сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
22 Сыноў Сымона паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
23 тых, якіх палічылі з пакаленьня Сымона, было пяцьдзясят дзевяць тысячаў трыста.
24 Сыноў Гада паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
25 тых, якіх палічылі з пакаленьня Гада, было сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзясят.
26 Сыноў Юды паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
27 тых, якіх палічылі з пакаленьня Юды, было семдзясят чатыры тысячы шэсьцьсот.
28 Сыноў Ісахара паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
29 тых, якіх палічылі з пакаленьня Ісахара, было пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
30 Сыноў Завулёна паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
31 тых, якіх палічылі з пакаленьня Завулёна, было пяцьдзясят сем тысячаў чатырыста.
32 Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
33 тых, якіх палічылі з пакаленьня Эфраіма, было сорак тысячаў пяцьсот.
34 Сыноў Манасы паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
35 тых, якіх палічылі з пакаленьня Манасы, было трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
36 Сыноў Бэн’яміна паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
37 тых, якіх палічылі з пакаленьня Бэн’яміна, было трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
38 Сыноў Дана паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
39 тых, якіх палічылі з пакаленьня Дана, было шэсьцьдзясят дзьве тысячы семсот.
40 Сыноў Асэра паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
41 тых, якіх палічылі з пакаленьня Асэра, было сорак адна тысяча пяцьсот.
42 Сыноў Нэфталі паводле радаводу іхняга, паводле сем’яў іхніх, паводле дамоў бацькоў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою,
43 тых, якіх палічылі з пакаленьня Нэфталі, было пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
44 Гэта палічаныя, якіх палічылі Майсей і Аарон, і князі Ізраіля, дванаццаць мужоў, па адным з кожнага дому бацькоў сваіх.
45 І было ўсіх палічаных сыноў Ізраіля паводле дамоў бацькоў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх, здольных да бою ў Ізраілі,
46 шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
47 Лявіты паводле пакаленьняў бацькоў сваіх не былі палічаны сярод іх,
48 бо ГОСПАД прамовіў да Майсея, кажучы:
49 «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраіля,
50 але даручы лявітам Сялібу Сьведчаньня, усе прылады яе і ўсё, што да яе належыць. Яны будуць насіць Сялібу і ўсе прылады яе, будуць пры ёй служыць і вакол Сялібы разложаць табар свой.
51 Калі трэба рушыць Сялібе ў дарогу, разьбяруць яе лявіты, а калі трэба затрымацца Сялібе, паставяць яе лявіты. Калі нехта чужы наблізіцца да яе, будзе забіты.
52 Сыны Ізраіля разложацца табарам, кожны на месцы сваім, кожны пад сьцягам сваім, паводле дружынаў сваіх.
53 А лявіты разложацца табарам вакол Сялібы Сьведчаньня; і кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраіля. Лявіты будуць вартаваць каля Сялібы Сьведчаньня».
54 І зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як ГОСПАД загадаў Майсею, так і зрабілі.
Числа 1 глава в переводах