Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Второзаконие 19 глава
20 глава »
1 Калі ГОСПАД, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю якіх ГОСПАД, Бог твой, дае табе, каб ты завалодаў ёю і пасяліўся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,
2 тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць,
3 і падрыхтуй шлях, і падзялі на тры часткі абшар зямлі тваёй, якую дае табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой, і кожны забойца знойдзе там прыбежышча.
4 А гэта слова адносна забойцы, які ўцячэ туды і будзе жыць. Калі ён забіў бліжняга свайго ненаўмысна і ня меў нянавісьці да яго ані ўчора, ані пазаўчора,
5 калі пайшоў нехта з бліжнім сваім у лес секчы дрэвы і размахнулася рука ягоная з сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга ягонага, і той памёр, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, і будзе жыць,
6 каб мсьціўца за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі дарога далёкая, і не забраў душу ягоную, бо ён ня мае прысуду на сьмерць, бо ня меў нянавісьці да забітага ані ўчора, ані пазаўчора.
7 Дзеля гэтага я загадваю табе, кажучы: "Выдзелі сабе тры гарады.
8 Калі ГОСПАД, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён запрысяг бацькам тваім, і аддасьць табе ўсю зямлю, якую абяцаў даць бацькам тваім,
9 калі ты будзеш захоўваць і выконваць прыказаньне гэтае, якое я табе сёньня загадваю, каб ты любіў ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры гарады,
10 каб не праліваць нявіннай крыві ў зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць, і ня будзе на табе крыві.
11 Калі чалавек меў нянавісьць да бліжняга свайго, і цікаваў на яго, і паўстаў супраць яго, і забраў душу ягоную, і той памёр, і ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых,
12 тады старшыні гораду ягонага пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.
13 Няхай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш кроў нявінную з Ізраіля, і будзе добра табе.
14 Не перасоўвай мяжы бліжняга твайго, якую вызначылі продкі ў спадчыне тваёй, якую ты атрымаў у зямлі, якую дае табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.
15 Не паўстане адзін сьведка супраць чалавека, абвінавачваючы ў нейкім беззаконьні ці ў некім грэху. У кожным граху, якім саграшыў чалавек, паводле словаў з вуснаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.
16 Калі паўстане сьведка фальшывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
17 няхай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад абліччам ГОСПАДА, перад сьвятарамі і судзьдзямі, якія будуць у тыя дні.
18 І судзьдзі старанна дасьледуюць, і вось, сьведка той — сьведка фальшывы, ён фальшыва гаварыў на брата свайго,
19 тады зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
20 А іншыя пачуюць пра гэта і будуць баяцца, і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў ня будуць рабіць.
21 Няхай не шкадуе яго вока тваё, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу запатрабуеш.

 

Второзаконие 19 глава в переводах