Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Второзаконие 32 глава
1 «Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх!
2 Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву.
3 Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага!
4 Ён — Скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім хлусьні, Ён — праведны і справядлівы.
5 Яны сапсаваліся, яны ня ёсьць сынамі Ягонымі з прычыны заганаў сваіх, пакаленьне падступнае і крывадушнае.
6 Ці ж так адплачваеце вы ГОСПАДУ, народзе бязглузды і бяз мудрасьці? Ці ж ня Ён —Бацька твой? Ён набыў цябе і ўчыніў, і ўмацаваў.
7 Памятай пра дні старадаўнія, разважай пра гады пакаленьняў мінулых; спытайся бацьку твайго, і ён паведаміць табе, спытайся старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе.
8 Калі Найвышэйшы даваў спадчыну народам, калі разьдзяляў сыноў чалавечых, Ён вызначыў межы народам паводле ліку сыноў Ізраіля.
9 Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — абшар спадчыны Ягонай.
10 Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у зямлі пустой і бязьлюднай, дзе выюць шакалы. Ён асланяў яго, даглядаў яго і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго.
11 Як арол узрушвае гняздо сваё і кружляе над птушанятамі сваімі, раскінуўшы крылы свае, бярэ іх і нясе на крылах сваіх,
12 так ГОСПАД Сам вёў яго, і не было з ім бога чужога.
13 І Ён паставіў яго на высокай зямлі, каб ён спажываў плады палёў, і Ён карміў яго мёдам са скалы і алеем з цьвёрдага камяня,
14 маслам кароваў і малаком авечак, тлушчам ягнятаў, і бараноў Башану, і казлоў, і тлушчам нырак, і найчысьцейшай пшаніцай, і ён піў кроў вінаграду.
15 Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго.
16 І яны ўзбудзілі рэўнасьць Ягоную багамі чужымі, і брыдотамі раззлавалі Яго.
17 Яны складалі ахвяры дэманам, а ня Богу, пакланяліся багам, якіх ня ведалі, багам новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія.
18 Скалу, Якая цябе нарадзіла, ты пакінуў, ня памятаў Бога, Які вывеў на сьвет цябе.
19 І ўбачыў гэта ГОСПАД, і ўзьненавідзеў іх, і загневаўся на сыноў Сваіх і дочак Сваіх.
20 І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу, які будзе канец іхні, бо гэта пакаленьне падступнае, сыны няверныя.
21 Яны ўзбудзілі рэўнасьць Маю тым, што ня ёсьць богам, марнасьцямі сваімі раздражнілі Мяне; і Я ўзбуджу рэўнасьць іхнюю тым, што ня ёсьць народам, народам дурным раздражню іх.
22 Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшай адхлані, і спаліць зямлю і ўраджай ейны, і спапяліць падваліны гор.
23 Я зьбяру на іх няшчасьці, пушчу ў іх стрэлы Мае.
24 Будзе іх марыць голад, паліць трасца і пошасьць лютая, і Я пашлю на іх зубы зьвяроў і атруту тых, што поўзаюць у пыле.
25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам з чалавекам сівым.
26 Я сказаў: "Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх".
27 Але Я спыніў гэта з прычыны зьнявагаў ворагаў, каб прыгнятальнікі іхнія не вывышаліся і не казалі: "Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!"
28 Бо гэта народ бязрадны, і няма ў іх розуму.
29 Калі б яны былі мудрымі, яны б зразумелі гэта і разважалі б пра канец свой!
30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Скала іхняя не прадала іх у няволю і калі б ГОСПАД не пакінуў іх?
31 Бо скала іхняя не такая, як Скала нашая; але ворагі нашыя будуць судзьдзямі.
32 Бо вінаград іхні — з вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя, а гронкі горкія, як палын.
33 Віно іхняе — атрута цмочая і сьмяротная труцізна гадзючая.
34 Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не запячатана ў скарбніцах Маіх?
35 Мне належыць помста і Я аднагароджу ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Бо блізка ўжо дзень загубы іхняй і надыходзіць рашэньне лёсу іхняга.
36 І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх, калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных.
37 І скажа Ён: “Дзе ж богі іхнія, дзе скала, на якую яны мелі надзею,
38 што елі тлустасьць ахвяраў іхніх, і пілі віно іхніх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас!
39 Паглядзіце цяпер, што Я, Я ёсьць, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто можа вырвацца з рукі Маёй.
40 Я падыму да неба руку Маю і скажу: "Жыву вечна!"
41 Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, Я адпомшчу ворагам Маім, і тым, якія ненавідзяць Мяне, Я аднагароджу.
42 Я напаю крывёю стрэлы Мае, і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”
43 Весяліцеся, народы, з народам Ягоным, бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў Сваіх і ўчыніць помсту ворагам Сваім, і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».
44 І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і прамовіў усе словы сьпеву гэтага ў вушы народу.
45 І скончыў Майсей прамаўляць усе словы гэтыя да ўсяго Ізраіля,
46 і сказаў ім: «Зьмясьціце ў сэрцы вашым усе словы, якімі я сёньня папярэджваю вас, і загадайце сынам вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага.
47 Бо слова гэтае не пустое для вас, але гэта жыцьцё вашае; і праз слова гэтае будуць доўгія дні вашыя на зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб авалодаць ёю».
48 І ў той самы дзень прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
49 «Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля на ўласнасьць.
50 А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.
51 За тое, што вы дапусьціліся злачынства адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрывы каля Кадэшу, у пустыні Сін, за тое, што вы ня выявілі сьвятасьць Маю сярод сыноў Ізраіля,
52 за гэта толькі здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля».
Второзаконие 32 глава в переводах