Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
1 Царств 20 глава
21 глава »
1 А Давід уцёк з Наёту каля Рамы, і пайшоў да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я саграшыў адносна бацькі твайго, што ён цікуе на душу маю?»
2 Ёнатан сказаў яму: «Няхай будзе гэта далёка ад цябе, ты не памрэш. Вось, бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною. Навошта такую рэч ён хаваў бы перада мною? Ня будзе гэтага».
3 Але Давід запрысягся яшчэ і сказаў: «Ведаючы, ведае бацька твой, што я знайшоў ласку ў вачах тваіх, і ён сказаў: “Няхай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў”. Але як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, толькі адзін крок аддзяляе мяне ад сьмерці».
4 І сказаў Ёнатан Давіду: «Што толькі скажа душа твая, я зраблю табе».
5 І сказаў Давід Ёнатану: «Вось, маладзік, і я павінен сядзець каля валадара на банкеце. Дык дазволь мне, і я схаваюся ў полі аж да трэцяга вечара.
6 Калі спытаецца бацька твой пра мяне, скажы: “Прасіў мяне Давід, каб заскочыць у Бэтлеем, горад свой, бо ўся сям’я ягоная складае там ахвяру штогадовую”.
7 Калі ён скажа: “Добра”, будзе тады супакой слузе твайму, а калі разгневаецца, ведай, што нешта ліхое ён вырашыў зрабіць.
8 Дык зьяві міласэрнасьць слузе твайму, бо ты заключыў запавет ГОСПАДА са слугою тваім. Калі я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне».
9 І сказаў Ёнатан: «Далёка гэта ад цябе! Калі даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе ліхое, ці ж я табе пра гэта не паведамлю?»
10 І сказаў Давід Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой жорстка адкажа табе?»
11 І сказаў Ёнатан Давіду: «Хадзем, выйдзем у поле». І выйшлі яны абодва ў поле,
12 і сказаў Ёнатан Давіду: «Сведка ГОСПАД, Бог Ізраіля, што заўтра або пасьлязаўтра я даведаюся ў бацькі свайго, і калі што добрае будзе адносна Давіда, а я не пашлю да цябе і не паведамлю ў вушы твае,
13 няхай ГОСПАД гэтае зло зробіць Ёнатанату і тое дадасьць. А калі задумае ліхое бацька мой супраць цябе, пра гэта я паведамлю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і ты пойдзеш у супакоі. І няхай ГОСПАД будзе з табою, як Ён быў з бацькам маім.
14 І калі я яшчэ буду жыць, ты зьявіш мне міласэрнасьць ГОСПАДА, і я не памру.
15 І ты не спыняй міласэрнасьці сваёй адносна дому майго на вякі, нават тады, калі ГОСПАД прыбярэ ворагаў Давіда з аблічча зямлі».
16 І заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда, кажучы: «Няхай ГОСПАД шукае адказ за душы з рук ворагаў Давіда».
17 І яшчэ раз Ёнатан запрысяг Давіду любоў сваю, бо ён палюбіў яго, як душу сваю.
18 І сказаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і будуць цябе шукаць, бо месца тваё будзе пустым.
19 Таму на трэці дзень ты зыйдзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і затрымайся каля камяня Эзэл.
20 А я пушчу ў бок ягоны тры стралы, нібы страляючы ў метку.
21 І вось, я пашлю юнака: “Ідзі і знайдзі стрэлы”. Калі скажу юнаку: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога кепскага, як жывы ГОСПАД.
22 А калі скажу хлопцу: “Стрэлы за табой”, ты ўцякай, бо ГОСПАД пасылае цябе далёка.
23 А ў слове, якое мы сказалі, я і ты, няхай ГОСПАД будзе між мною і табой на вякі».
24 І схаваўся Давід у полі. І надыйшоў маладзік, і валадар банкетаваў пры стале.
25 І, як звычайна, сядзеў валадар на пасадзе сваім каля сьцяны, а Ёнатан насупраць, і Абнэр сядзеў каля Саўла, і заўважылі, што месца Давіда пустое.
26 І нічога не сказаў Саўл у той дзень, бо ён сказаў: «Можа, што здарылася. Хіба ён нячысты, бо не ачысьціўся».
27 Але назаўтра, на другі дзень маладзіка, заўважылі, што месца Давіда зноў пустое, і сказаў Саўл Ёнатану, сыну свайму: «Чаму сын Есэя не прыйшоў на банкет ані ўчора, ані сёньня?»
28 І адказаў Ёнатан Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне адпусьціць яго ў Бэтлеем.
29 Ён казаў: “Адпусьці мяне, бо сям’я мая ў горадзе складае ахвяру, і брат мой запрасіў мяне, і калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я пайду і наведаю братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён на банкет валадара».
30 І ўзлаваўся Саўл на Ёнатана, і сказаў яму: «Ты, сын жанчыны здрадлівай, ці ж я ня ведаю, што ты любіш сына Есэя на ганьбу тваю і на ганьбу маці тваёй.
31 Як доўга будуць дні жыцьця на зямлі сына Есэя, ня будзеш у бясьпецы ані ты, ані валадараньне тваё. Дык цяпер пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён павінен памерці».
32 І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?»
33 І кінуў Саўл у яго дзіду, каб забіць яго, і зразумеў Ёнатан, што бацька ягоны вырашыў забіць Давіда.
34 І падняўся Ёнатан ад стала поўны гневу, і ня еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, і што бацька ягоны зьняважыў таксама яго.
35 І сталася раніцаю, пайшоў Ёнатан у поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім юнак.
36 І сказаў ён юнаку свайму: «Бяжы і знайдзі стрэлы, якія я пушчу». І калі юнак пабег, ён пусьціў стралу цераз юнака.
37 І пайшоў юнак да месца стралы, якую пусьціў Ёнатан, а Ёнатан крыкнуў за ім і сказаў: «Страла далей за табою».
38 І закрычаў Ёнатан ззаду за юнаком: «Падымі хутчэй, ня стой там!» І сабраў юнак стрэлы Ёнатана, і прыйшоў да гаспадара свайго.
39 І не разумеў юнак анічога. Толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.
40 І аддаў Ёнатан зброю сваю юнаку, і сказаў яму: «Ідзі і занясі ў горад».
41 І калі пайшоў юнак, устаў Давід з паўднёвага боку, і ўпаў абліччам сваім на зямлю, і тры разы пакланіўся. І пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.
42 І сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі, бо мы прысягнулі абодва ў імя ГОСПАДА, кажучы: “ГОСПАД будзе між мною і табой, і паміж насеньнем маім і насеньнем тваім на вякі”».

 

1 Царств 20 глава в переводах