Читай и изучай
Библия » Пераклад Антонія Бокуна
1 Царств 26 глава
27 глава »
1 І прыйшлі Зіфейцы ў Гіву да Саўла, кажучы: «Ведай, Давід хаваецца на ўзгорышчы Хахіля, што на канцы пусткі».
2 І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, а з ім тры тысячы мужчынаў, выбранцоў Ізраіля, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.
3 І разлажыўся табарам Саўл на ўзгорышчы Хахіля, на скраю пусткі каля дарогі. А Давід знаходзіўся ў пустыні, і ўбачыў, што выйшаў Саўл за ім у пустыню.
4 І паслаў Давід выведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды прыйшоў.
5 І ўстаў Давід, і прыйшоў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, начальнік войска ягонага. А Саўл спаў у будане, і народ разлажыўся табарам вакол яго.
6 І адказаў Давід, і сказаў Ахімэлеху Хету і Абішаю, сыну Цэруі, брату Ёава, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў табар да Саўла?» І сказаў Абішай: «Я пайду з табой».
7 І пайшлі Давід і Абішай цішком уначы да людзей Саўла, і вось, Саўл ляжыць і сьпіць у будане, і дзіда ягоная ўбітая ў зямлю каля галавы ягонай, а Абнэр і народ сьпяць вакол яго.
8 І сказаў Абішай Давіду: «Сёньня Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Цяпер дазволь, і я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз ня будзе патрэбы».
9 І сказаў Давід Абішаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць невінаваты той, хто падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА?»
10 І сказаў Давід: «Як жывы ГОСПАД, ГОСПАД пакарае яго, або прыйдзе дзень ягоны і ён памрэ, або ён загіне, пайшоўшы на вайну.
11 Няхай захавае мяне ГОСПАД, каб я падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы ягонай і гляк з вадою, і пойдзем».
12 І ўзяў Давід дзіду і гляк з вадою, якія былі каля галавы Саўла, і яны пайшлі. І ніхто іх ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, бо ўсе спалі покатам, бо сон ад ГОСПАДА зыйшоў на іх.
13 І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на вяршыні гары здалёк, і быў вялікі прастор між імі.
14 І закрычаў Давід да людзей Саўла і да Абнэра, сына Нэра, кажучы: «Абнэр, чаму не адказваеш?» І адказаў Абнэр, і сказаў: «Хто ты? Чаму ты клічаш валадара?»
15 І сказаў Давід Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто зраўняецца з табой у Ізраілі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, валадара? Бо нехта з народу ўваходзіў, каб забіць валадара, гаспадара твайго.
16 Нядобра тое, што ты зрабіў. Як жывы ГОСПАД! Заслужыліся вы на сьмерць, бо не пільнавалі гаспадара свайго, памазанца ГОСПАДАВАГА. І цяпер паглядзі, дзе дзіда валадара і дзе гляк з вадою, што стаяў каля галавы ягонай?»
17 І пазнаў Саўл голас Давіда, і сказаў: «Ці гэта голас твой, сыне мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта голас мой, гаспадару мой, валадар».
18 І сказаў: «Чаму гаспадар мой перасьледуе слугу свайго? Што я зрабіў? Ці ёсьць што ліхое ў руцэ маёй?
19 І цяпер няхай паслухае гаспадар мой, валадар, словы слугі свайго. Калі ГОСПАД намовіў цябе супраць мяне, няхай будзе Яму прыемны пах ахвяры. Але калі сыны чалавечыя намовілі цябе, няхай будуць яны праклятыя перад абліччам ГОСПАДА, бо яны выгналі мяне сёньня, каб я ня меў часткі ў спадчыне ГОСПАДА, кажучы: “Ідзі і служы багам чужым”.
20 І цяпер няхай кроў мая ня будзе вылітая на зямлю далёка ад ГОСПАДА. Бо валадар Ізраіля выйшаў, каб шукаць адну блыху, як палююць у гарах на курапатку».
21 І сказаў Саўл: «Саграшыў я. Вярніся, сыне мой Давід, бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды, за тое, што дарагая была сёньня ў вачах тваіх душа мая. Вось, я быў неразумны, шмат разоў памыляўся».
22 І адказаў яму Давід, і сказаў: «Вось дзіда валадара. Няхай пяройдзе хто з юнакоў і возьме яе.
23 А ГОСПАД аднагародзіць кожнаму паводле праведнасьці ягонай і вернасьці ягонай. Аддаў цябе сёньня ГОСПАД у рукі мае, але я не хацеў выцягнуць рукі маёй на памазанца ГОСПАДАВАГА.
24 І як каштоўнай была душа твая ў вачах маіх, так няхай каштоўнай будзе душа мая ў вачах ГОСПАДА, і няхай абароніць Ён мяне ад усякага прыгнёту».
25 І сказаў Саўл Давіду: «Дабраслаўлёны ты, сыне мой Давід, бо ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і будзеш мець посьпех». І Давід пайшоў дарогай сваёй, а Саўл вярнуўся на месца сваё.

 

1 Царств 26 глава в переводах