Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Матфея 21 глава
Урачысты ўезд у Ерузалем1 Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў,
2 кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
3 Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх».
4 І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:
5 «Скажыце дачцэ Сіёна:вось Кароль твой ідзе да цябе;лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці,сыне пад’ярэмнай».
6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус.
7 Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх.
8 І мноства людзей рассцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе.
9 А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда!Благаслаўлёны той,хто прыходзіць у імя Пана!Гасанна на вышынях!»
10 Калі Ён увайшоў у Ерузалем, узрушыўся ўвесь горад, і пыталіся: «Хто гэта?»
11 А народ адказваў: «Гэта прарок Езус з Назарэта Галілейскага».
Ачышчэнне святыні12 Езус увайшоў у святыню і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў.
13 Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
14 Падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, а Ён аздаравіў іх.
15 Але першасвятары і кніжнікі, калі ўбачылі цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў святыні: «Гасанна Сыну Давіда», абурыліся
16 і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Езус адказаў ім: «Так. Хіба вы не чыталі ніколі: “З вуснаў немаўлят і тых, хто сасе, Ты ўчыніў хвалу”?»
17 Пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Бэтанію і пераначаваў там.
Неўраджайная смакоўніца18 А раніцай, калі вяртаўся ў горад, адчуў голад.
19 Убачыўшы пры дарозе смакоўніцу, падышоў да яе і нічога, акрамя лісця, на ёй не знайшоў. Тады сказаў ёй: «Няхай з цябе ніколі навекі не будзе пладоў». І смакоўніца адразу засохла.
20 Калі вучні ўбачылі гэта, здзівіліся і сказалі: «Як гэта адразу смакоўніца высахла?»
21 А Езус сказаў ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то не толькі зробіце гэта са смакоўніцай, але і калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца.
22 І ўсё, чаго папросіце ў малітве з верай, атрымаеце».
Пытанне пра ўладу Езуса23 Калі Ён прыйшоў у святыню і навучаў, падышлі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? І хто даў Табе гэтую ўладу?»
24 Езус адказаў ім: «Спытаю ў вас і Я пра адно; калі скажаце Мне пра гэта, тады і Я вам скажу, якою ўладаю раблю гэта.
25 Адкуль быў Янаў хрост? З неба ці ад людзей?» Яны ж разважалі паміж сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, то Ён скажа нам: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
26 А калі скажам: “Ад людзей”, — баімся натоўпу, бо ўсе лічаць Яна прарокам».
27 І сказалі ў адказ Езусу: «Не ведаем». Тады і Ён сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
Прыпавесць пра двух сыноў28 «Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: “Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку”.
29 Але той адказаў: “Не хачу.” Аднак пасля, апамятаўшыся, пайшоў.
30 Тады падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: “Іду, гаспадару”. І не пайшоў.
31 Каторы з двух выканаў волю бацькі?» Кажуць Яму: «Першы». Тады Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы ідуць перад вамі ў Валадарства Божае.
32 Прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў33 Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
34 Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць свой ураджай.
35 А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі.
36 Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае.
37 Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
38 Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай”.
39 І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
40 Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?»
41 Адказалі Яму: «Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час».
42 Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?
43 Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.
44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».
45 Калі першасвятары і фарысеі пачулі Ягоныя прыпавесці, зразумелі, што Ён гаворыць пра іх.
46 Таму намагаліся схапіць Яго, але баяліся людзей, бо тыя лічылі Яго прарокам.
От Матфея 21 глава в переводах